Понедельник, 23 мая 2022

Новая прафсаюзная пярвічка з’явілася ў ТАА «Уніформа» (+ відэарэпартаж)

363

Прафсаюзны рух на Пружаншчыне актыўна развіваецца. Пра гэта гавораць лічбы: за два апошнія гады ў раёне створана 17 новых пярвічак. Большасць з іх – на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. Нядаўна да іх дадалася і прафсаюзная пярвічка ТАА «Уніформа». Сімвалічна, што ўручэнне пасведчання аб яе рэгістрацыі адбылося ў Дзень Канстытуцыі.

Таварыства па выпуску спецадзення і абутку, якое ўжо больш за 15 гадоў размяшчаецца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў Шчарчова, унікальнае для нашага раёна. Зараз тут працуе 75 чалавек, прыкладна палова з іх – мясцовыя, але ёсць і гараджане, і жыхары Новых Засімавічаў, аг. Шані, рэгулярна прыязджаюць высокакваліфікаваныя спецыялісты з Брэста.

У асартыментным пераліку выпускаемай прадукцыі пастаянна з’яўляюцца навінкі, асаблівую ўвагу пры гэтым надаюць спецабутку. Сярод апошніх распрацовак – мадэль ботаў «Лесаруб», аналагаў якім няма на прасторы СНД, што пацверджана адпаведным сертыфікатам. Акрамя гэтага, як расказала дырэктар Кацярына Мікуліна, ёсць лінейка белага абутку для прадпрыемстваў мяса-малочнай галіны. Выпускаюць уцепленае спецадзенне, вопратку для медыкаў і дарожнікаў, работнікаў сферы паслуг.

Менавіта таму «Уніформу» можна з лёгкасцю назваць аграгарадкаўтваральным прадпрыемствам, і яе развіццю павінна надавацца пільная ўвага. Адным з крокаў стала стварэнне ўласнай прафсаюзнай пярвічкі.

Па словах старшыні абласной арганізацыі прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» Дзмітрыя Кудзелькі, работа ў гэтым накірунку вялася прыкладна год. І вось нарэшце рашэннем райвыканкама №327 ад 1 сакавіка пярвічная арганізацыя «Уніформы» пастаўлена на ўлік. Пасведчанне было ўручана дырэктару таварыства Кацярыне Мікулінай. А Іван Ільюцін, які цяпер будзе займаць пост старшыні прафсаюза, атрымаў электрачайнік. Яго мяркуюць размясціць у пакоі для адпачынку.

Затым прайшла сустрэча з працоўным калектывам. Асноўнае пытанне, якое хвалявала рабочых: навошта ўвогуле прафсаюз у прыватнай арганізацыі? Дзмітрый Кудзелька расказаў пра тыя перавагі, якія дае стварэнне пярвічкі. Гэта і рознага кшталту дапамогі, зніжкі ў прафсаюзных санаторыях і гасцініцах. У якасці адной з лепшых арганізацый раёна па рабоце з моладдзю ў прафсаюзе «БЕЛПРАФМАША» быў названы Пружанскі завод радыёдэталей.

Наступным крокам на «Уніформе» павінна стаць распрацоўка і прыняцце калектыўнага дагавора, своеасаблівай «канстытуцыі прадпрыемства», дзе будуць замацаваны правы і абавязкі як работнікаў, так і наймальніка.

Па словах старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяны Гаманчук, у гэтым арганізацыі абавязкова дапамогуць. А работа па стварэнні новых пярвічак у іншых арганізацыях прыватнай формы ўласнасці будзе працягвацца.

Уладзіслаў Шпарла, фота і відэарэпартаж аўтара