Понедельник, 23 мая 2022

Свае галоўныя дакументы з рук старшыні райвыканкама ў Дзень Канстытуцыі атрымалі школьнікі раёна

281

15 сакавіка Беларусь святкавала Дзень Канстытуцыі. Сёлета ўрачыстасці мелі асаблівае гучанне: менавіта ў гэты дзень уступіла ў сілу новая рэдакцыя Асноўнага Закона нашай дзяржавы, змяненні і дапаўненні ў які былі падтрыманы большасцю галасоў на нядаўнім рэспубліканскім рэферэндуме.

З нагоды Дня Канстытуцыі ў райвыканкаме прайшло традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства, на якое запрасілі годных прадстаўнікоў маладога пакалення з усіх гарадскіх і шэрагу вясковых школ Пружаншчыны. Імпрэза стала для юнакоў і дзяўчат своеасаблівым урокам дзяржаўнасці ад кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.

Старшыня райвыканкама Юрый Бісун і пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі ўручылі нацыянальныя пашпарты. Галоўны ў жыцці дакумент і падарункавае выданне «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь» атрымалі каля трох дзясяткаў 14-гадовых юнакоў і дзяўчат, якія з лепшага боку праявілі сябе ў вучобе і ў грамадскім жыцці. На іх і надалей спадзяецца грамадства, менавіта з імі звязвае перспектывы развіцця раёна.

Старшыня райвыканкама Юрый Бісун адзначыў, што Канстытуцыя вызначае дзяржаўны і грамадскі лад Беларусі, надае прававы статус кожнаму грамадзяніну краіны з самага нараджэння.

— Згодна з Канстытуцыяй, інстытут сям’і знаходзіцца пад асаблівай апекай нашай дзяржавы. Нарадзіць і выхаваць дзіця – гэта адказная і сур’ёзная справа, — адзначыў Юрый Юр’евіч і, згодна з Указам Прэзідэнта Беларусі ад 25 лютага 2022 года, узнагародзіў ордэнам Маці работніцу ААТ «Мурава» Марыю Еўтуховіч.

Жанчыне пажадалі здароўя, шчасця і каб дзеці радавалі яе прамяністымі ўсмешкамі і паслухмянасцю.

Выступаў перад маладой аўдыторыяй і пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі. Саветнік юстыцыі нагадаў, што ў 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, і падзяліўся новай інфармацыяй пра злачынствы нацыстаў на Пружаншчыне.

У гэты ж дзень дзесяць маладых грамадзян папоўнілі рады грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Членскія білеты ім ўручаў першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ Аляксандр Бабігорац. Ён адзначыў, што саюз моладзі — гэта школа станаўлення сапраўднага чалавека. Яе прайшлі тысячы маладых беларусаў, якія атрымалі магчымасць уплываць на развіццё грамадства.

Таксама віталі падчас урачыстасці маладых людзей, якія асабістым прыкладам прапагандуюць здаровы лад жыцця, дораць зарад бадзёрасці і аптымізму навакольным і, як адзначыў галоўны спецыяліст райвыканкама Аляксей Лапыка, сваімі перамогамі спрыяюць росквіту раёна. Пяць нагрудных значкоў «Фізкультурнік Беларусі» сярэбранай годнасці і больш за дваццаць — залатой, уручаныя спартыўным актывістам – бясспрэчная падстава ганарыцца землякамі.

Дарэчы, адметна, што Алёна Жмайлік і Алег Строк вялі мерапрыемства на дзвюх мовах: беларускай і рускай, тым самым сімвалізуючы, што абедзве з’яўляюцца дзяржаўнымі, і кожны беларус мае права выбіраць, на якой з іх размаўляць. Прагучала нават пажаданне моладзі — больш ужываць мову продкаў, якая не саступае іншым мовам свету сваёй мяккасцю і мілагучнасцю.

Музычную нотку ў мерапрыемства ўнесла салістка гарадскога Палаца культуры Ангеліна Шумская, якая выступіла з песняй «Беларусь сінявокая».

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283102653