На працягу ўжо некалькіх апошніх гадоў Беларускі прафсаюз работнікаў АПК праводзіць рэспубліканскую акцыю «Наш жывёлавод», накіраваную на ўшанаванне работнікаў жывёлагадоўчай галіны.
Акцыя праводзіцца з мэтай павышэння прэстыжу чалавека працы, матэрыяльнага і маральнага заахвочвання жывёлаводаў, што, у сваю чаргу, вядзе да павышэння эфектыўнасці і якасці работы, нарошчвання аб’ёму вытворчасці і паляпшэння якасці вырабляемай прадукцыі.

Не застаюцца ўбаку і прафсаюзы Брэстчыны, у тым ліку і Пружанскага раёна. Ушанаванні ў рамках акцыі ў нашым рэгіёне пачаліся яшчэ ў снежні і будуць працягвацца да канца сакавіка. На мінулым тыдні такое мерапрыемства прайшло на базе ААТ «Жураўлінае». Тут былі адзначаны работнікі МТК «Белавусаўшчына» і «Мокрае».
— І надвор’е спрыяе, і нагода радасная, каб завітаць да вас і выказаць словы падзякі за вашу працу, якую ніяк не назавеш лёгкай, але такую важную і неабходную як для самой гаспадаркі, так і для краіны ў цэлым, — такія словы адрасаваў віноўнікам урачыстасці намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Яўгеній Мартынюк. — Дзякуй вам за сумленныя адносіны да сваіх абавязкаў, за значны ўнёсак у агульную скарбонку сельскагаспадарчай галіны.

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрый Чайкоўскі далучыўся да слоў Яўгенія Маркавіча і дадаў, што адданасць абранай справе непадробна прываблівае ў людзях, якія працуюць, не пакладаючы рук, на працягу ўсяго года. Таксама адзначыў, што і надалей галіновы прафсаюз будзе клапаціцца пра сваіх работнікаў і дапамагаць ім у вырашэнні надзённых пытанняў.
У гэты дзень не пакінулі без увагі працаўнікоў, якія даказалі на справе, што шчырай працай можна дамагчыся многага, і дырэктар сельгасарганізацыі Дзмітрый Якутчык разам са старшынёй прафарганізацыі гаспадаркі Аксанай Цімановіч. Кіраўнік выказаў спадзяванне, што і надалей паказчыкі вытворчасці абодвух комплексаў будуць толькі павышацца, а ў выніку гэта павысіць дабрабыт і якасць жыцця кожнага работніка. Дарэчы, на МТК «Белавусаўшчына» валавая вытворчасць малака за 2021 год склала 7480 тон (для параўнання, у 2020 годзе – 6730 тон), рост склаў 111,2%. А МТК «Мокрае» заняў першае месца ў сельгаставарыстве па выніках 2021 года па надоях ад каровы, гэты паказчык па комплексе склаў 8283 кг, калі сярэдні па гаспадарцы ён быў 7158 кг.
Зразумела, не абышлося і без падарункаў. Кожнаму комплексу была ўручана мікрахвалёўка. Гэтая рэч вельмі патрэбная, калі ўзяць пад увагу той момант, што жывёлаводы шмат часу знаходзяцца на працы.

Памятныя падарункі ў знак падзякі за адказнае стаўленне да свайго ўчастка работы былі ўручаны маладому спецыялісту ветэрынарнаму фельчару Антону Чарняку, заатэхніку-селекцыянеру Святлане Савінай і аператару па доглядзе маладняку Алене Кузьміч з МТК «Белавусаўшчына».
Падобныя акцыі — справа добрая, патрэбная. Бо чалавек, які бачыць, што пра яго клапоцяцца, будзе прыкладаць усе намаганні, каб не падвесці, зрабіць сваю работу яшчэ лепш і прынесці гэтым самым карысць.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/937124953736