Четверг, 1 октября 2020

«Пружанскі палацык» — наша візітная картка

4 254

З моманту адкрыцця музей-сядзіба “Пружанскі палацык” стаў візітнай карткай нашага горада. Сюды абавязкова прыязджаюць турысты, тут з задавальненнем збіраюцца гараджане і нават маладыя, якія толькі ўступілі ў шлюб, добрай прыкметай лічаць пафатаграфавацца каля помніка сядзібна-паркавай архітэктуры.

За амаль трынаццаць гадоў дзейнасці музей-сядзіба змяніўся непазнавальна. А наперадзе — яшчэ большыя змяненні. Пра гэта гутарка з дырэктарам музея Ю.С.Зялевічам.

— Змяненні кардынальныя, — расказвае Юрый Сяргеевіч, — ад тэхнічнага аснашчэння музея да адкрыцця новых экспазіцый і напісання навуковых работ. Але, нягледзячы на ўсё гэта, дух і атмасфера, якія існавалі пры Валенціі Швыкоўскім, засталіся нязменнымі. Гэта адзначаюць усе, хто прыходзіць сюды працаваць. Гэта храм гісторыі, дзе зрабіць што-небудзь без душы проста не магчыма.

— Багацце любога музея – яго фонд…

— Калі мы адкрываліся, у нас налічвалася каля пяцісот рэдкіх гістарычных прадметаў. Цяпер наш асноўны фонд – каля пяці тысяч. І гэта не толькі прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта калекцыі дакументаў і фотадакументаў, якія датычаць не толькі Беларусі і Расіі, краін Еўропы. Паказчык унікальнасці многіх прадметаў – унясенне звестак пра іх у дзяржкаталог Рэспублікі Беларусь, які фарміруецца ў адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай “Культура Беларусі 2011 – 2015 гг.”. Дарэчы, туды будуць унесены звесткі пра 40% прадметаў нашага фонду. Па колькасці прадметаў, пра якія мяркуем там расказаць, сярод раённых музеяў наш палацык займае першае месца.

— Відаць, дапамагае рабоце музея ўкараненне электронных тэхналогій?

— Гэтым зараз нікога не здзівіш. У нас даўно на кожнага работніка прыпадае па камп’ютару. Увесь навуковы матэрыял імкнемся абавязкова ацыфраваць. Работа з камп’ютарам вельмі аблягчае нашу дзейнасць. Асабліва ў арганізацыі разнастайных мастацкіх выстаў, якіх у музеі правялі звыш сотні. Апошнія з іх  – перасоўная выстава брэсцкіх мастакоў “Святыні Брэстчыны” і фотавыстава “Пружанскае вяселле”. Першую дапоўнілі работамі пружанскіх мастакоў Марыі Кулецкай і Аляксандра Чапурнога. На фотавыставе вясельных здымкаў, якую прыдумалі самі, прадстаўлена звыш 130 работ. Наведаць яе запрашаю ўсіх жадаючых.

— Юрый Сяргеевіч, а што чакае музей у бліжэйшай перспектыве?

— На наступны год запланаваны рамонт музея. Адсутнасць гідраізаляцыі ўсё настойлівей падштурхоўвае зрабіць гэта. І, вядома, будзем працаваць над абнаўленнем экспазіцый. У планах адкрыццё трафейнага пакоя, як працягу паляўнічага кабінета, а таксама малога салона. З пастаянна дзеючых экспазіцый – інтэр’еры сядзібнага дома ХІХ стагоддзя, куды ўваходзяць салон, кветкавая зала, зімовы сад, паляўнічы кабінет.

— Упадабанае для адпачынку людзей месца – тэрыторыя вакол палацыка, таксама зведае станоўчыя змяненні?

— Хацелася б бачыць паступовую музіфікацыю парку: стварыць там малыя архітэктурныя формы і гаспадарчы двор сядзібы для правядзення народных святаў. Мяркуем, што вельмі дарэчы глядзеўся б там музей народнага майстра са Стойлаў Мікалая Тарасюка. Не кожны ж можа даехаць у вёску, каб пазнаёміцца з творчасцю гэтага цікавага чалавека. Стварыць у парку своеасаблівы этнаграфічны куток дазваляюць і плошчы. А зрабіць яго яшчэ больш прывабным для адпачываючых не так і складана: зацікавіць мінуўшчынай і стварыць мінімальныя зручнасці. Не бачу праблем, напрыклад, і з адкрыццём аб’екта грамадскага харчавання з элементамі нацыянальнай кухні. Былі б, праўда, грошы…

Інтэрв’ю ўзяла Галіна Каляда.

Один комментарий

  • лена

    Респект вам за работу.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *