Понедельник, 23 мая 2022

Самыя актыўныя і неабыякавыя члены раённага таварыства выратавання на вадзе атрымалі ўзнагароды

357

Справаздачны сход раённага таварыства выратавання на вадзе сёлета прайшоў у скарочаным фармаце. Як зазначыў старшыня арганізацыі Юрый Амельянчук, гэта звязана з эпідэміялагічнымі абмежаваннямі. Аднак традыцыі ўсё-такі былі захаваны і найбольш актыўныя члены раённага таварыства не засталіся без узнагарод. Ва ўрачыстасці прыняў удзел і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Па выніках мінулага года, пры падвядзенні якіх улічвалася не толькі сумная статыстыка з гібеллю людзей, але і меры, якія прымаліся ў раёне па папярэджанні трагедый, Пружанскае ТВВАД заняло ў вобласці сёмае месца з 20. За год, як адзначыў Юрый Амельянчук, было ажыццёўлена нямала прафілактычных мерапрыемстваў. Сярод іх — ініцыятыва правядзення заняткаў па плаванні ў школах, што ў будучым дазволіць павысіць культуру паводзінаў ля вады, а таксама ўменні дзейнічаць у крытычных сітуацыях. З боку мясцовых улад Руслан Супрыновіч адзначыў вялікую работу па падрыхтоўцы зон адпачынку на вадаёмах раёна. Летась іх колькасць істотна павялічылася, а арганізацыі, якія адказваюць за добраўпарадкаванне пляжаў, выканалі свае задачы на належным узроўні.

Руслан Супрыновіч і Юрый Амельянчук уручаюць узнагароду Вользе Ляўчук.

З улікам гэтага абласное кіраўніцтва таварыства накіравала ў пружанскую арганізацыю адразу чатыры граматы, якія намеснік старшыні райвыканкама ўручыў Юрыю Яльцову (СШ №4), Віталіі Шумскай (СШ №1 імя ЧБВА), Аляксандру Трусу (санаторый «Ружанскі») і Паўлу Федуну (РАУС). Раённымі граматамі і памятнымі падарункамі былі адзначаны Вольга Ляўчук (ААТ «Пружанскі льнозавод»), Раман Цябук (прадстаўніцтва «Белдзяржстраху»), Уладзімір Люкевіч (райвыканкам), Дзмітрый Пасько (Кляпацкая СШ) і Уладзімір Шастак (Сухопальская СШ).

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік