Воскресенье, 27 сентября 2020

Наши ветераны: Александр Лукич Каленюк из деревни Клетное

2 072

22 чэрвеня 1941 года Аляксандр Калянюк добра памятае і цяпер. Бяда прышла ў яго родныя Галены пагодлівай летняй раніцай. Хоць гэта і не было нечаканасцю для вяскоўцаў, бо пра вайну з Германіяй гаварылі ўжо даўно.

Пятнаццацігадоваму юнаку хацелася на фронт. І такі час настаў пасля вызвалення родных мясцін у ліпені 1944 года.

— Мабілізавалі адразу, на трэці дзень пасля выгнання фашыстаў, — гаворыць Аляксандр Лукіч.

Спачатку давялося тры месяцы правесці ў глыбокім тыле, у старажытным расійскім горадзе Волагда. Тут навабранцы вучыліся вайсковай справе.

На  фронт малады баец трапіў у лістападзе 1944 года. Ваяваў у складзе стралковага палка — спачатку быў аўтаматчыкам, а потым кулямётчыкам. Пачыналася ўсходне-пруская наступальная аперацыя, якая працягвалася больш за сто сутак.

Свой першы бой з фашыстамі аўтаматчык Аляксандр Калянюк прыняў на тэрыторыі Літвы. Праціўнік змагаўся адчайна.

А яшчэ ветэран добра памятае фарсіраванне ракі ўжо на тэрыторыі Прусіі. Была зіма, і рака пакрылася тонкім лёдам. Мост, які быў недалёка, разбамбіла авіяцыя. На другі бераг давялося перапраўляцца ў ледзяной вадзе на спадручных сродках. У мокрай вопратцы, выскачыўшы на сушу, Аляксандр адразу адкрыў агонь па фашыстах. Але самае цікавае, успамінае ветэран, што ніхто з байцоў не захварэў пасля купання ў ледзяной вадзе.

У лютым 1945 года кулямётчык Аляксандр Калянюк быў цяжка паранены. Лячыцца давялося ў шпіталі ў Каўнасе. Тут жа і сустрэў Дзень Перамогі. Потым шпіталь быў пераведзены ў Гродна. За баявыя заслугі франтавік узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, медалём «За ўзяцце Кёнігсберга» і іншымі.

Пасля дэмабілізацыі з войска Аляксандр Калянюк жыў у Слоніме. Працаваў слесарам-матарыстам на мясцовым аўтарамонтным заводзе. Гадоў дваццаць назад пераехаў на жыхарства ў родныя мясціны — вёску Клятное Сухопальскага сельсавета. На жаль, пайшлі з жыцця жонка і сын ветэрана. Дачка жыве ў Санкт-Пецярбургу, але часцяком наведвае бацьку.

— Здароўе ўжо не тое, — гаворыць Аляксандр Лукіч. Баляць ногі, даюць знаць пра сябе і франтавыя раны. Ну, а страшная вайна не сатрэцца ў яго памяці ніколі.

Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *