Воскресенье, 22 мая 2022

Грамадства і міліцыя — сувязь непарыўная… З прафесійным святам вас, праваахоўнікі!

330

Праваахоўнікі ў розных краінах у розныя часы называліся па-рознаму, але заўсёды выконвалі адну і тую ж задачу — захоўвалі спакой і абаранялі людзей ад замахаў на іх маёмасць і жыццё.
Такая ж функцыя ўскладзена і на беларускую міліцыю. Як паведаміў начальнік райаддзела ўнутраных спраў Ігар Амельянчук, пружанскія міліцыянеры ў поўнай меры спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.

— Нягледзячы на тое, што адзначаецца рост злачынстваў, нашы праваахоўнікі трымаюць сваю «марку» па выкрывальнасці,— зазначае Ігар Аляксеевіч.— Больш таго, па выніках работы крымінальнай міліцыі пружанскі райаддзел у вобласці займае другое месца ў сваёй катэгорыі.

— На жаль, нават раскрытае злачынства — гэта боль і маёмасныя страты для пацярпелых. Але можна толькі памарыць, каб увогуле не было ніякіх злачынных замахаў на маёмасць і жыццё людзей…
— У нашай рабоце прафілактыка лічыцца не менш важнай задачай. Сапраўды, маёмасныя страты складана кампенсаваць, а шкоду здароўю і згубленае жыццё — увогуле немагчыма. Аднак мы не ўсюды дабіваемся станоўчых вынікаў, асабліва там, дзе не можам атрымаць сустрэчную рэакцыю. Такіх прыкладаў можна прывесці нямала, пачынаючы ад раўнадушша грамадства ў дачыненні да пітушчых суседзяў і заканчваючы маўклівымі сведкамі сядання нецвярозых вадзіцеляў за руль. А ўсе гэтыя выпадкі — патэнцыяльныя прычыны ўчынення злачынстваў.

Найбольш яскравы прыклад — рост так званых «кіберзлачынстваў», якія зараз рэгіструюцца масава (на Пружаншчыне рост з 11 да 56 выпадкаў). Інфармацыі з папярэджаннямі нямала паўсюдна, кожны з пацярпелых чуў пра небяспеку літаральна штодня. Аднак усё роўна кожны лічыў, што яму нічога не пагражае. Карыстаючыся момантам, папярэджваю жыхароў раёна: ні аднаго ўладальніка карткі махляры не абдзеляць увагай. У любы момант вам могуць патэлефанаваць зламыснікі, назвацца банкаўскімі, сацыяльнымі работнікамі або праваахоўнікамі. Да такіх званкоў трэба ставіцца абачліва, не перадаваць каштоўныя звесткі пра свае фінансавыя магчымасці.

Толькі тады, калі грамадства ўсвядоміць, што з міліцыяй павінна быць непарыўная сувязь, можна дабіцца рэальнага паляпшэння крымінагеннай абстаноўкі.

— Летась абмяркоўвалася пытанне з аднаўленнем работы Ружанскага аддзялення міліцыі. Якім чынам яно вырашаецца?
— Усе пасады праваахоўнай службы Ружанскай зоны на сённяшні дзень укамплектаваны. З дапамогай фундатараў, сярод якіх найбольшы ўклад уносіць ААТ «Ружаны-Агра», памяшканне пад гэтыя мэты прыводзіцца ў належны стан.

— А ўвогуле што Вы можаце сказаць пра кадравы патэнцыял райаддзела ўнутраных спраў?
— Па-першае, абнадзейвае тое, што нямала супрацоўнікаў пружанскай міліцыі — вопытныя работнікі, тэрмін службы якіх адлічваецца дзесяцігоддзямі. Па-другое, радуе рэгулярнае папаўненне асабовага саставу маладымі міліцыянерамі — як выпускнікамі навучальных устаноў Міністэрства ўнутраных спраў, так і з ліку грамадска актыўнай моладзі. Яшчэ задавальняе той факт, што не знікае папулярнасць службы аховы правапарадку і сярод падрастаючага пакалення. Напрыклад, у бягучым годзе 11 пакуль яшчэ школьнікаў жадаюць пасля ўступных іспытаў апрануць форму курсантаў.

Зразумела, што моладзь і навічкі службы яшчэ павінны вучыцца, асвойваць асаблівасці работы. Для чаго за кожным замацоўваецца вопытны настаўнік, які павінен на працягу паўгоддзя азнаёміць з абавязкамі канкрэтнай пасады, са стандартамі, што дзейнічаюць у міліцэйскай службе і іншымі аспектамі. Сярод найбольш «выніковых» вопытных супрацоўнікаў назаву прапаршчыка міліцыі міліцыянера-дзяжурнага Аляксандра Дубіну, прапаршчыка міліцыі міліцыянера-канваіра Віталія Рэчыца і супрацоўніка ДАІ капітана міліцыі Паўла Федуна. На «рахунку» кожнага з іх па некалькі дакладна падрыхтаваных маладых работнікаў пружанскай міліцыі.

— У гэтай рабоце, напэўна, падтрымліваецца кантакт і з ветэранамі райаддзела?
— У гэтым накірунку таксама можам пахваліцца, пры гэтым дзякуючы менавіта актыўнасці былых работнікаў аддзела. Іх ініцыятыва дазволіла адкрыць залу гісторыі пружанскай міліцыі. У багажы яшчэ сумесныя мерапрыемствы, рэгулярныя сустрэчы і выступленні ветэранаў, на прыкладзе службы якіх таксама вучыцца цяперашняе пакаленне пружанскіх міліцыянераў. Найбольшую актыўнасць выказваюць старшыня ветэранскай арганізацыі Мікалай Замковіч, а таксама Мікалай Драпко, Аляксандр Гук, Аляксандр Гарус, Ігар Гурынец і іншыя.

— Ігар Аляксеевіч, што б Вы пажадалі калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Словы віншавання адрасую усім супрацоўнікам міліцыі, ветэранам органаў унутраных спраў, калегам з аддзела аховы. Жадаю моцнага здароўя, міру, дабрыні і дабрабыту ў сем’ях, поспехаў у любых справах.


Віншуем з узнагародай!

Пружанскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў узнагародзіць
за шматгадовую добрасумленную працу ў органах унутраных спраў, прафесіяналізм і ў сувязі з прафесійным святам — Днём міліцыі
Граматай райвыканкама:

КАЛЯДУ Сяргея Мікалаевіча, старшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Пружанскага РАУС,
Стэпуся Мікалая Мікалаевіча, оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Пружанскага РАУС;

Падзячным пісьмом райвыканкама:
МАЦВЕЕНКУ Антона Аляксандравіча, старшага ўчастковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Пружанскага РАУС.


Прэзідыум Пружанскага раённага Савета дэпутатаў ВЫРАШЫЎ узнагародзіць Ганаровай граматай Пружанскага раённага Савета дэпутатаў:
за шматгадовую добрасумленную працу ў органах унутраных спраў, прафесіяналізм, творчую ініцыятыву і ў сувязі з прафесійным святам — Днём міліцыі
МЫШКЕВІЧА Сяргея Міхайлавіча, маёра міліцыі, начальніка аддзялення дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі міліцыі грамадскай бяспекі Пружанскага РАУС.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масик