Среда, 23 сентября 2020

Наши ветераны: Фёдор Иванович Ковалевич из деревни Лихачи

1 578

Дзякуй Богу, што нам не давялося перажыць тое, што выпала на лёс нашых дзядоў. Для іх вайна стала чорнай рысай, якая падзяліла біяграфіі на дзве паловы — да і пасля…

Так адбылося і ў лёсе Фёдара Іванавіча і Веры Іванаўны Кавалевічаў з вёскі Ліхачы. Сапраўды, назва вёскі падыходзіць да таго, што давялося перажыць яе жыхарам у гады Вялікай Айчыннай. За сувязь з партызанамі ў 1942 годзе ўсе дарослыя мужчыны былі расстраляны гітлераўцамі. Лёс бацькі і брата чакаў і 17-гадовага Фёдара, але адзін з фашыстаў вырашыў, што невялікага росту хлопцу няма 15 гадоў і пашкадаваў яго. А Веру Іванаўну разам з іншымі жыхарамі Пасталова, дзе яна жыла да вайны, акупанты вывезлі ў Германію. Для Фёдара Іванавіча вызваленне прыйшло крыху раней — у ліпені 44-га. Разам з іншымі аднавяскоўцамі ён пайшоў знішчаць карычневую чуму ў Заходняй Еўропе. У складзе танкавага палка механік-вадзіцель Т-34 з баямі прайшоў па Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Бог, які абараніў яго каля расстрэльнай ямы, абараняў і ўсе тыя дні. Хаця давялося пабачыць абгарэлыя рэшткі баявых машын, хаваць забітых сяброў. За ўдзел у баях Фёдар Іванавіч мае ордэн Айчыннай вайны, медалі.

Але не менш шануемую ўзнагароду ён атрымаў некалькі гадоў таму: Ганаровую грамату за добрасумленную працу франтавіку ўручыў міністр сельскай гаспадаркі Беларусі.

Гэтак жа старанна, як некалі гнаў акупантаў да іх самага логава, наш зямляк працаваў і ў мірным жыцці. З танка давялося перасесці за руль небаявой машыны. З ранку і да змяркання, зімой і летам калясіў ён па дарогах гаспадаркі, у якой адпрацаваў да заслужанага адпачынку.

Заслужанай работніцай лічыцца і яго жонка Вера Іванаўна, з якой Фёдар Іванавіч пазнаёміўся ў першыя пасляваенныя гады. Як яна зазначае, цяжка было не заўважыць такога стараннага гаспадара, ды яшчэ і франтавіка. Разам будавалі ўласную гаспадарку, гадавалі дзяцей, якіх Бог падарыў гэтай светлай сям’і ажно трох. Старэйшы сын, які з дзяцінства ганарыўся подзвігам бацькі і марыў таксама абараняць сваю Радзіму, вырашыў стаць ваенным. На мірных вытворчасцях свой аўтарытэт зарабілі яшчэ адзін сын і дачка. На радасць старым ёсць унукі, а нядаўна нарадзіся і праўнучак.

Адкуль тады ж слёзы на вачах?

— Шануйце, мілыя, што маеце,— перахрысціў нас у дарогу ветэран з Ліхачоў.

Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *