Понедельник, 23 мая 2022

Новы дом для белага бусла? Як вырашаецца на Пружаншчыне праблема гнездавання птушак на апорах лініі электраперадачы?

184

Доўгачаканы клёкат белакрылых буслоў, якія вярнуліся з выраю ў роднае гняздо… Ва ўсе часы гэта кранальная карціна замілоўвала не толькі вяскоўцаў. Таму з асаблівым болем і засмучэннем напачатку лютага мы прынялі трывожныя тэлефанаванні адразу ад некалькіх чытачоў, з розных населеных пунктаў Пружаншчыны. Яны паведамлялі журналістам пра тое, што супрацоўнікі электрасетак тэрмінова здымаюць буслянкі са слупоў паветранай ліній электраперадачы.

У прыватнасці, Вольга з аг. Кабылаўка расказвала:

— «Антыбусліная эпапея» пачалася яшчэ пару гадоў таму, калі гнёзды паздымалі, а на слупах усталявалі нейкія вострыя пікі, каб птушкі на звыклым месцы не маглі пабудаваць новую хатку. Але тады хоць адно гняздо пакінулі. А нядаўна гляджу – і тое здымаюць! А што ўзамен атрымаюць птушкі, якія спрадвеку лічыліся галоўным сімвалам Беларусі? Дзе ім зараз гняздзіцца? Што рабіць буслам, якія, рухомыя прыроднымі інстынктамі, ужо вярнуліся з выраю ў родныя мясціны, каб уладкаваць свае звыклыя «хаткі»? Следам ляціць іх сям’я — і ўбачыць пустэчу? Які сорам нам, людзям, што сваімі радыкальнымі дзеяннямі крыўдзім такіх прыгожых птушак! Пасля асушэння балот ім і так асабліва няма куды падзецца, шпацыруюць, як тыя жабракі, па вясковых агародах і гаспадарчых палях. Раней людзі лічылі за гонар, калі птушка гняздзілася на даху дома ці побач, старыя дрэвы раней спілоўвалі так, каб на іх зручней было буслу ўладкоўваць сваё жыллё, нават колы старыя на іх замацоўвалі. А сёння скінулі гнёзды – і, лічы, праблема знікла. Не, прырода не даруе такіх памылак.

Жанчына ў дадатак распавяла, што з дзяцінства вельмі любіць назіраць за ладам жыцця і звычкамі буслоў:

— Раней, бывала, у гэты час прыляцяць з два дзясяткі буслоў-самцоў, зробяць «рэйд» па ўсіх гнёздах, а потым ужо сустракаюць сваіх каханых. Пройдзе час, бачыш, птушаняты падрастаюць, пачынаюць крыламі махаць, нават падскокваюць у гняздзе: так хочацца ім лётаць! Любата! А сёлета прыляцяць птушкі на старыя гнёзды — а іх няма і няма дзе яйкі выседжваць. Людзі раней верылі, што да Дабравешчання павінна быць першае яйка ў буслянцы.

Ва ўнісон з Вольгай хвалявалася і жыхарка Пружан Валянціна, у якой каля дачы ў в. Вялікія Якавічы таксама нядаўна разбурылі буслінае гняздо.

— А яно ж каля сарака гадоў на тым месцы размяшчалася, — сказала жанчына. — Некалькі гадоў таму работнікі электрасетак ужо рабілі спробы знішчаць бусліныя хаткі. Мы ўсе нават плакалі: баяліся, што ніколі больш не ўбачым нашых крылатых суседзяў. Але буслы, на радасць людзям, узнаўлялі свае «дамы». Сёлета ж на тым высокім слупе ўсталявалі вострую канструкцыю, каб буслы не маглі гняздзіцца.

Калі мы спыталі, ці існуе якая альтэрнатыва, каб падтрымаць птушак, нам адказалі, што ёсць. Можна сабраць зацікаўленым грамадзянам пэўную суму грошаў (раней – каля 500 рублёў, а цяпер, напэўна, і таго больш) – і тады работнікі электрасетак установяць штучныя апоры для новых гнёздаў. Магчыма, на сёння гэта адзінае выйсце?

Магчыма… Можна плакаць, можна шмат размаўляць аб спрэчных дзеяннях работнікаў электрасетак, абвінавачваць іх у недахопе годнасці і чалавечнасці. Але праблему трэба неяк вырашаць. І наша справа як журналістаў — выслухаць розныя меркаванні, тлумачэнні і рэтрансліраваць іх на старонках газеты.

Як засведчылі ў філіяле «Пружанскія электрасеткі РУП «Брэстэнерга», работнікі, якія здымалі гнёзды, дзейнічалі строга ў рамках Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным свеце» ад 23 снежня 2015 года № 326-3, у які былі ўнесены пэўныя змены.

Сваю прафесійную пазіцыю патлумачыў нам старшы майстар філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандр Місюля:

— Згодна з Законам, мы маем права ў перыяд з 15 жніўня па 15 лютага разбураць гнёзды птушак, размешчаныя на насаджэннях у населеных пунктах, на жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых пабудовах і збудаваннях. Мы ўклаліся ў гэтыя тэрміны. І дзейнічалі, заўважу, не па ўласным капрызе. У гнёздах, размешчаных на слупах, пакутуюць і птушкі, якія раз-пораз гінуць ад паражэння электратокам. Пакутуем і мы з-за частых аварый, якія здараюцца на лініі электраперадач па віне буслоў.

Спажыўцы электраэнергіі павінны ведаць, што прадукты жыццядзейнасці птушак выклікаюць карозію ізаляцыйнага пакрыцця на правадах, з-за чаго атрымліваецца кароткае замыканне. Такое пашкоджанне не ўхіліш, пакуль не скінеш гняздо. Сітуацыя асабліва азмрочваецца падчас дажджоў. Як вынік – на вуліцах, у дамах спажыўцоў знікае святло. Тут ужо людзям трэба выбіраць: ці птушкамі любавацца і сядзець у цемры, ці не перашкаджаць нам рабіць сваю працу.

Таксама спецыяліст адзначыў, што паступова работнікі электрасетак ўсталёўваюць на дрэвах ці спецыяльных слупах штучныя бусліныя платформы (на сёння іх у раёне каля дзясятка). Праўда, заўважым, гэтыя платформы трэба абслугоўваць, напрыклад, перыядычна выдаляць верхнія часткі гнёздаў, каб яны не ўпалі. Пытанне, хто б мог займацца гэтым абслугоўваннем, пакуль застаецца адкрытым.

У Пружанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначылі, што ўстаноўка стоек з платформай для гнездавання птушак — лепшае вырашэнне «буслінай» праблемы.

Аднак, як адзначыла начальнік інспекцыі Вольга Дрозд, існуе спецыяльны стандарт на іх уладкаванне, уведзены ў дзеянне загадам Дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга» ад 14 ліпеня 2020 года за № 247.

Згодна з ім, колькасць, месцы і неабходнасць устаноўкі платформы для гнездавання птушак павінны вызначацца камісіяй з удзелам прадстаўнікоў райінспекцыі, райвыканкама, а таксама арганізацыі, якая эксплуатуе электрасеткі, са складаннем адпаведнага акта. Вывучаюцца даныя аб гібелі птушак, аналізуецца аварыйнасць у рабоце электратэхнічнага абсталявання па прычыне ўздзеяння птушак.

Ёсць, дарэчы, яшчэ адна альтэрнатыва. Людзі могуць дапамагчы буслу звіць гняздо на новым месцы. І рабіць гэта трэба ранняй вясной, да сярэдзіны красавіка, ці ўжо восенню.

Пляцоўку для гнязда можна ўладкаваць на драўляных слупах вышынёй ад 4-х метраў, на дрэвах са спілаванай верхавінай, на дахах гаспадарчых пабудоў.

Гнёзды павінны знаходзіцца на адлегласці не больш за 1 км ад месцаў здабычы ежы (балотаў, азёраў, лугоў) і не бліжэй чым за 200 метраў адно ад аднаго (буслы не любяць цеснаты).

Асновай для гнязда можа паслужыць старое кола ад воза ці веласіпеда, лёгкая барана, а таксама любая, збітая з жэрдак і брускоў круглая аснова з планкамі ці калкамі па краях (для ўтрымання галінак).

Для заваблівання бусла зверху на аснову трэба пакласці сухія галінкі або салому (таўшчыня пласта каля 30 см). Пажадана апырскаць краі асновы гнязда вапнай, каб імітаваць леташні птушыны памёт.

А потым шчыра крыкнуць у неба: “Буслы, буслы, вясна ідзе, завітвайце на нас!”

Замест пастскрыптума

Калі нумар газеты ўжо быў падрыхтаваны да друку, нам патэлефанавала тая самая Валянціна, дача якой знаходзіцца ў в.Вялікія Якавічы. Жанчына шчыра дзякавала работнікам пружанскіх электрасетак за новы «дом» для буслоў, які тыя ўсталявалі замест старога.

Як мы даведаліся, работы па мантажы спецыяльнай платформы правяла брыгада з шасці чалавек пад кіраўніцтвам майстра вулічнай лініі 0,4 Кв Васілія Францэвіча.

— Дзякуючы спецмашыне з вышкай справіліся за пару гадзін. Умацавалі дзве платформы (напачатку і пасярэдзіне вуліцы). Застаецца спадзявацца, што новыя «гнёзды» крылатым кватарантам спадабаюцца і яны яшчэ шмат гадоў будуць цешыць жыхароў вёскі сваім клёкатам і ўпэўненым палётам буслянят.

Падрыхтавала Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік і Сяргея Талашкевіча