Пятница, 29 марта 2024

Пяцікласніца СШ №3 Крысціна Шэпель паспяхова выступіла на рэспубліканскіх спаборніцтвах «Снежны снайпер», займаецца плаваннем і марыць стаць біятланісткай!

594

Ёй толькі 11, але яна ўжо з упэўненасцю кажа, што хоча быць прафесійнай спартсменкай, а дакладней — біятланісткай. Гучная заява? Магчыма. Але ўлічыце, што нядаўна пяцікласніца СШ №3 Крысціна Шэпель вярнулася з рэспубліканскіх біятлонных спаборніцтваў на прызы Прэзідэнта «Снежны снайпер», дзе даказала свае здольнасці.

Сяброўства дзяўчынкі са спортам, як аказалася, даўняе і шчырае. Каля шасці гадоў яна займалася… таэквандо. Спачатку была ў малодшай групе, а калі перайшла ў асноўную, з’явіліся першыя ўзнагароды на раённым узроўні. Паказвала сябе і на абласных спаборніцтвах.

Сёлета Крысціна вырашыла змяніць від спорту і цяпер наведвае аддзяленне па плаванні ў Водным палацы. А яшчэ пачала летась займацца біятлонам. За некалькі месяцаў да раённых спаборніцтваў настаўнік фізкультуры Аляксандр Бажко пачаў фарміраваць школьную каманду. Ведаючы здольнасці пяцікласніцы, прапанаваў ёй паўдзельнічаць у іх. І не прагадаў: Крысціна Шэпель стала чэмпіёнкай сярод дзяўчынак малодшай узроставай групы. Праўда, былі тут свае нюансы.

— На жаль, снег зімой у нас не заўсёды бывае. Калі праводзіліся раённыя спаборніцтвы, яго таксама амаль не было, таму і дыстанцыю мы беглі, а не праходзілі на лыжах. З таго, што ёсць у сапраўдным біятлоне, захаваліся толькі агнявыя рубяжы. Але гэта, мабыць, вельмі важнае і адно з самых складаных выпрабаванняў для спартсмена, — разважае дзяўчынка.

Крысціна расказвае, што страляць вучыліся тут жа, у школе. Майстэрства адточвалі і перад абласным этапам, які прайшоў у аг. Мір Баранавіцкага раёна. Надвор’е тады парадавала снежным покрывам, а таму да стралковых трэніровак дадаліся пракаты на лыжах па школьным стадыёне. На абласным этапе Крысціна паказала пяты вынік. Гэта дазволіла ўвайсці ў каманду, якая прадстаўляла Брэстчыну на фінальных стартах.

Рэспубліканскі этап спаборніцтваў праходзіў на вядомай біятлоннай трасе «Раўбічы», і тут усё было намнога складаней, але і цікавей. Па-першае, умовы. Яны былі як у сапраўдным біятлоне. Па-другое, усе жадаючыя маглі назіраць за спаборніцтвамі ў рэжыме рэальнага часу: прамая трансляцыя вялася на YouTube і канале «Беларусь 5. Інтэрнэт». Гэта, па словах Крысціны, толькі дадавала адказнасці.

У першы дзень турніру пружанская біятланістка пад сёмым нумарам выйшла на старт спрынтарскай гонкі на 1,8 км. Крысціна паказвала нядрэнны ход па лыжні, а вось стральба падвяла. Тры промахі не дазволілі дзяўчыне заняць высокую пазіцыю. У выніку дыстанцыю яна прайшла за 9 мінут 40,15 секунды, прайграла лідару крыху больш за тры мінуты і размясцілася на 20-м радку фінішнага пратакола. У ім, дарэчы, было 27 спартсменак.

— Не вельмі ўдалы вынік толькі дадаў злосці, — кажа Крысціна. – Таму на гонку з масавым стартам настройвалася вельмі рашуча.

Перапынак паміж гонкамі склаў усяго дзень. І вось ён – масавы старт. Нумар Крысціны застаўся нязменным. А вось паказчыкі сталі значна лепшыя. Зараз дзяўчынка прызнаецца, што менавіта гэты від спаборніцтваў ёй спадабаўся больш. Усё таму, што спартсмены бачаць канкурэнтаў і разумеюць, каго трэба атакаваць.

Вось і Крысціна амаль з першых хвілін мас-старту літаральна рванула. На першым агнявым рубяжы адстралялася, як кажуць біятланісты, «на нуль». У выніку пакідала «лёжку» трэцяй. А вось наступная стральба аказалася не такой удалай. Два промахі і два агнявыя рубяжы адсунулі нашу спартсменку ад разборак за медалі. Але Крысціна не здалася, паднажала і ў выніку фінішавала шостай з часам 7 мінут 57,9 секунды! Такому выніку, прызнаецца дзяўчынка, былі рады і бацькі, і трэнер. Была задаволена і сама спартсменка, хаця ў душы разумела: у той дзень яна магла быць на п’едэстале.

— Хачу паспрабаваць свае сілы ў «Снежным снайперы» і ў наступным годзе. Думаю, што час, каб удасканальвацца, ёсць, бо пакуль што я толькі ў малодшай групе. Галоўнае, каб была магчымасць трэніравацца, — дзеліцца планамі юная спартсменка.

Сваім кумірам у біятлоне Крысціна называе Дар’ю Домрачаву. Дарэчы, расказвае, што з вялікай цікавасцю разам з татам сачыла за нашымі спартсменамі на Алімпіядзе. Хто ведае, магчыма, калісьці туды адправіцца і наша гераіня? Пакуль жа ў яе планах паказваць добры час на плавальнай дарожцы, а пасля – рыхтавацца да новых спаборніцтваў і, зразумела, наступных снежных стартаў.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і з групы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба «УКантакце»