Понедельник, 23 мая 2022

Пружанскі малочны камбінат вярнуўся з медалямі, дыпломамі і кубкам з міжнароднай выставы «Прадэкспа-2022»

273

З 7 па 11 лютага ў Маскве, у цэнтральным выставачным комплексе «Экспацэнтр», прайшла 29-я Міжнародная выстава прадуктаў харчавання, напояў і сыравіны для іх вытворчасці «Прадэкспа-2022». Яе ўдзельнікамі сталі кампаніі з 47 краін свету. Больш за 80 прадпрыемстваў прадставіла Беларусь. Па традыцыі каля айчынных павільёнаў было шматлюдна.

Прадукцыя і ўзнагароды ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

У правільным накірунку і ўжо не першы год працуе і наша ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Прадукцыя, выпускаемая прадпрыемствам, даспадобы ўсім, хто хоць раз пакаштаваў яе. І гэта не пустыя словы: яны пацвярджаюцца граматамі і кубкамі, якія штогод камбінат прывозіць з розных выстаў. «Прадэкспа-2022» не стала выключэннем.Удзельнікі мерапрыемства прызнаюцца: падчас цырымоніі ўзнагароджання вельмі прыемна, калі называюць тваю краіну, тваё прадпрыемства. Гэта — пацвярджэнне таго, што ў нашай дзяржаве робіцца ўсё магчымае, каб заўсёды і ва ўсіх сферах жыццядзейнасці трымаць самую высокую планку, заявіць пра сябе на міжнароднай арэне ў якасці канкурэнтаздольнага вытворцы, а пасля вывесці на новы ўзровень продаж сваёй прадукцыі.

І з 29-й выставы прадпрыемства прывезла немалую колькасць узнагарод, сярод якіх залатыя медалі вышэйшай пробы за сыры «Рамзэс» 40% тл., «Сметанковы» 50% тл., «Пружанскі» 50% тл., «Грунваль» 50% тл.

Да «Прадэкспа» вытворцы традыцыйна прымяркоўваюць запуск новых прадуктаў, гандлёвых марак, брэндаў. Штогадова выстава прэзентуе да 14% навінак. Не засталося ўбаку ад распрацоўкі новых прадуктаў і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». На выставе былі прадстаўлены сыр плаўлены «Сметанковы» 60% тл. і сыр плаўлены салодкі «Шакаладны» 30% тл. У гэтай намінацыі быў атрыманы дыплом «Лепшы прадукт-2022» і сярэбраны медаль.

Надзённым застаецца і пытанне імпартазамяшчэння, тым больш, у сённяшніх рэаліях. За сыр «VAN GOLD STATUS» 40% тл. прывезлі дыплом лаўрэата «Лепшы прадукт-2022» і ганаровы прыз «Дасягненні ў імпартазамяшчэнні».

У намінацыі «Лепшы інавацыйны прадукт» ААТ «Пружанскі малочны камбінат» таксама было адзначана дыпломам і кубкам за сыр «VAN GOLD SHEDEVR» 40 % тл. (тэрмін вытрымкі – 12 месяцаў).

І самае прыемнае — напаследак. Пружанцы атрымалі найвышэйшую ўзнагароду – дыплом «Лепшае прадпрыемства-2022» і кубак за высокую якасць выпускаемай прадукцыі.

Прыемна, што ў нашым раёне ёсць прадпрыемствы, якія годна могуць прадстаўляць Пружаншчыну на выставах рознага ўзроўню. Спадзяёмся, што ААТ «Пружанскі малочны камбінат» на гэтым не спыніцца, а працягне пакараць новыя прыступкі ў выпуску прадукцыі.

Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі