Понедельник, 23 мая 2022

Якія аб’екты раёна сёлета будуць выстаўлены на аўкцыён? Рэдакцыя атрымала адказ

422

Мінулы год стаў адным з самых насычаных за апошняе дзесяцігоддзе па колькасці рэалізуемых на аўкцыёнах аб’ектаў. Як паведамляе галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Вольга Зайко, на продаж было выстаўлена ажно 15 лотаў. Гэта можна лічыць рэкордам, бо за год да гэтага новых гаспадароў шукалі ўсяго толькі сем пустуючых будынкаў.

— На працягу мінулага года было праведзена 45 аўкцыёнаў, падчас якіх рэалізавана 13 аб’ектаў, — расказвае Вольга Міхайлаўна. — Шэсць лотаў былі набыты са зніжэннем пачатковага кошту на 80%, адзін будынак прададзены па «першай цане». Яшчэ шэсць аб’ектаў прыцягнулі ўвагу толькі пры ўстанаўленні коштаў у памеры адной базавай велічыні.

Такія прывабныя прапановы даюцца не выпадкова. Продаж праводзіцца на розных умовах — ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці з выкарыстаннем набытай нерухомасці да вядзення падсобнай асабістай гаспадаркі і іншых. У выніку далейшы лёс такой нерухомасці бярэцца пад абавязковы кантроль. Дагаворам продажу гэтых аб’ектаў прадугледжана пры невыкананні выстаўленых умоў прымяненне штрафных санкцый і вяртанне прададзеных будынкаў у камунальную ўласнасць. Але, па словах спецыяліста эканамічнай службы раёна, падобных негатыўных сітуацый не адзначаецца: усе гаспадары, якія ў папярэднія гады набылі пустуючыя збудаванні, добрасумленна выконваюць патрабаванні і спраўляюцца з ускладзенымі абавязкамі. Летась у адносінах да шасці аб’ектаў, прададзеных за адну базавую велічыню, прыняты рашэнні райвыканкама аб поўным выкананні ўмоў і абавязкаў дагавораў куплі-продажу.

Хочацца падкрэсліць, што пустуючых збудаванняў застаецца не так і многа, а будаваць «з нуля» значна даражэй, чым прыстасаваць пад свае патрэбы набыты аб’ект.

У пацвярджэнне вышэйзгаданых акалічнасцей можна прывесці яшчэ адзін статыстычны факт: летась рэалізаваны два будынкі, якія раней было вырашана зруйнаваць. Аднак і на іх набыццё знайшліся жадаючыя.

Толькі два аб’екты перайшлі на бягучы год — нерухомасць у вёсках Смаляны і Гарадзечна. Яны «адкрыюць» першыя аўкцыёны 2022 года, якія запланаваны на другую палову сакавіка. Гэтыя лоты будуць выстаўляцца на продаж за адну базавую велічыню. Усяго ж на сёлетніх аўкцыёнах новых уладальнікаў будуць шукаць 9 аб’ектаў нерухомасці. Чатыры лоты знаходзяцца ў г.Пружаны. Вельмі прыцягальна выглядае будынак на Савецкай, 4а, размешчаны прама за ўніверсамам (на здымку). Цэнтр горада — даволі ажыўлены мікрараён, дзе лёгка акупяцца ўкладанні ў адкрыццё крамы або кропкі бытавых паслуг. Цэлы комплекс нерухомасці пустуе ў завулку Р.Шырмы: там можна набыць адміністрацыйны будынак (107 кв. метраў) у добрым стане, а таксама гаспадарчыя пабудовы, якія дагэтуль выкарыстоўваліся ў якасці склада, склада-гаража і павеці. Яны будуць выстаўляцца на таргі трыма асобнымі лотамі, што дае магчымасць набыць нерухомасць па частках некалькім жадаючым. У дадатак, напрыклад, былыя дзіцячыя садкі ў аг.Руднікі і в.Бакуны Ліноўскага сельсавета, дзе і плошчы хопіць, і ёсць належныя санітарна-бытавыя ўмовы, падыдуць для тых, хто мяркуе арганізаваць аграсядзібу або іншы турыстычны комплекс.

Сярод запланаваных аб’ектаў толькі два выстаўляюцца на таргі за 1 БВ, на сем будзе ўстаноўлена пачатковая цана, якая, калі аўкцыёны пройдуць безвынікова, будзе паступова зніжацца — на 50 і пасля на 80%. Таму можна пачакаць, калі іх кошт дойдзе таксама да базавай велічыні. Але ці варта гэта рабіць, калі прааналізаваць мінулагоднюю статыстыку продажаў? У любым выпадку набыццё гатовага да выкарыстання будынка — неблагі стартавы капітал, які дазваляе адразу прыступіць да адкрыцця ўласнай справы без працяглага падрыхтоўчага перыяду.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік