Воскресенье, 22 мая 2022

З Днём абаронцаў Айчыны! Расказваем, як працуе ваенны вузел сувязі, які базіруецца на Пружаншчыне

667

Як кажуць сярод ваенных сувязістаў, без сувязі няма кіравання, а без кіравання — няма перамогі. Гэта аксіёма, якую немагчыма аспрэчыць.

Сапраўды, ва ўсе часы пытанням урадавай і ваеннай сувязі надавалася першачарговае значэнне. З пачатку «халоднай вайны» неабходна было вырашыць задачу стабільнай перадачы інфармацыі нават ва ўмовах магчымага ядзернага канфлікту. Для гэтага была створана сістэма ўмацаваных падземных цэнтраў сувязі, якія павінны былі забяспечваць перадачу загадаў Вярхоўнага камандавання падраздзяленням аператыўна і ў поўным аб’ёме.

Вайсковая сістэма сувязі не губляе актуальнасці і ў нашы, здаецца, мірныя дні. Дзейнасць Узброеных Сіл Беларусі ў поўнай ступені абумоўлена існаваннем адпаведных падраздзяленняў. Адно з іх размешчана і на тэрыторыі Пружанскага раёна. Як кажа начальнік вузла сувязі маёр Аляксандр Яхнавец, работа сувязістаў нярэдка застаецца незаўважанай. Напрыклад, нядаўна, калі праходзілі маштабныя беларуска-расійскія ваенныя вучэнні, ні ў адным сродку масавай інфармацыі не размяшчаліся рэпартажы пра работу армейскіх сувязістаў.

Начальнік ваеннага вузла сувязі, які базіруецца на Пружаншчыне, Аляксандр Яхнавец.

— Як ні дзіўна, гэта пацвярджае эфектыўнасць нашай работы, бо пра нас «успамінаюць, калі сувязь благая або ўвогуле адсутнічае, — зазначае Аляксандр Дзмітрыевіч.

Сапраўды, сучасная тэхніка, узбраенне, высокая падрыхтоўка баявых падраздзяленняў вельмі неабходна падчас вырашэння канфліктных сітуацый. Але танкі застануцца непатрэбным жалезам, калі танкісты своечасова не атрымаюць загад. У выніку на вайсковым вузле сувязі не бывае такой мінуты, калі апаратура застаецца без нагляду. Кругласутачна тут дзяжураць ваеннаслужачыя, работа якіх падзелена на змены. З іх дапамогай і праз іх праходзяць розныя інфармацыйныя сігналы, якія атрымліваюць усе армейскія падраздзяленні нашай краіны, незалежна ад месца знаходжання. Ахапіць розумам той аб’ём інфармацыі, што ідзе праз мясцовы вузел сувязі, немагчыма, бо сістэму можна смела назваць аўтаномным «армейскім інтэрнэтам». Адпаведна, і збояў у ім не павінна быць.

Для выканання такіх сур’ёзных задач, як расказвае начальнік вузла, у падраздзяленні ёсць неабходнае аснашчэнне. Правадная кабельная ці бесправадная і нават спадарожнікавая сувязь пастаянна падтрымліваецца ў высокай ступені гатоўнасці. Нездарма войскі сувязі ў нашай краіне лічацца элітнымі па забеспячэнні, бо неабходна не толькі перадаць дадзеныя, але і іх абараніць ад несанкцыянаванага доступу, ад тых пагроз, што могуць паступіць як па саміх лініях, так і знешніх.

Старшы інжынер вузла сувязі Уладзімір Дульчэўскі сустракае на ўваходзе ў бункер.

Сэрцам вузла сувязі з’яўляецца падземны бункер, поўнасцю выраблены з металу. Аднак унутры такога адчування няма: праходзім праз невялікія, нібыта на падводнай лодцы, дзверцы і трапляем у… звычайны катэдж. Усе пакоі адстроены належным чынам, стыльны і ўтульны дызайн, прыцягальная планіроўка. Пра армейскую прыналежнасць аб’екта нагадваюць толькі тэлекамунікацыйная апаратура і людзі ў форме.

— У нас створаны ўсе ўмовы, каб ваеннаслужачыя маглі поўнасцю акцэнтаваць сваю ўвагу на выкананні даведзеных абавязкаў, — падкрэслівае Аляксандр Дзмітрыевіч. — Да іх адносяцца ў тым ліку і санітарна-бытавыя нормы. Не пакідаем па-за ўвагай і неабходнасць выканання эпідэміялагічнага этыкету, каб не дапусціць масавага захворвання і страты кантролю за абсталяваннем.

Тэлефаніст Леанід Сарока кантралюе работу апаратуры.

Усё гэта начальнік расказваў, дэманструючы вучэбны клас, кабінеты армейцаў, пакоі адпачынку і прыёму ежы. Нават прадэманстраваў нам «куток выбаршчыка», дзе размешчана інфармацыя па падрыхтоўцы рэспубліканскага рэферэндуму. І гэта не дзіўна, бо вайсковая служба неадрыўна звязана з цывільным жыццём, у паўсядзённасці якога сувязісты з’яўляюцца звычайнымі грамадзянамі краіны, а значыць, таксама актыўна прымаюць удзел у яе палітычным жыцці.

Амаль чвэрць стагоддзя аддаў службе на вузле сувязі Аляксандр Клімец.

Побач з тым служба тут арганізавана такім чынам, што вузел сувязі не страціць сваіх здольнасцей нават у поўнай ізаляцыі. Для энергазабеспячэння ёсць свая генератарная, ваду пастаўляе ўласная свідравіна. Галоўнае, каб такія выпрабаванні вытрымалі самі людзі. Таму сярод сувязістаў няма выпадковых, напрыклад, на мясцовым вузле ўсе служачыя маюць за плячыма не менш за дзесяць гадоў выслугі. Сярод такіх А.Д. Яхнавец называе начальніка радыёаддзялення Ігара Кавалёва. А некаторыя і таго больш: сапраўдным ветэранам начальнік называе Аляксандра Клімца, адзначанага нагрудным знакам «Ганаровы сувязіст», які адслужыў на вузле шмат гадоў і зараз, у адстаўцы, застаўся працаваць тэхнікам.

За сувяззю сочыць камандзір радыёаддзялення Сяргей Чыжоў.

А яшчэ вайсковы калектыў аб’ядноўваюць уласныя традыцыі. Акрамя Дня абаронцы Айчыны і Міжнароднага жаночага свята (тут служаць і жанчыны), сувязісты адзначаюць 20 кастрычніка — Дзень стварэння войскаў сувязі Беларусі. Не забываюцца і пра дату нараджэння батальёна сувязі (у яго таксама ўваходзіць мясцовы вузел), што прыпадае на 1 жніўня. А другога лютага — дзень утварэння брыгады.

У лік сумесных святочных падзей уваходзяць і дні нараджэння служачых, радасныя падзеі з паўсядзённага жыцця і многія іншыя. Сярод апошніх можна назваць розныя ўзнагароды, якімі рэгулярна адзначаюцца мясцовыя вайскоўцы. Начальнік вузла ўзнагароджаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені, шэраг ваеннаслужачых адзначаны юбілейнымі ўзнагародамі, падзякамі, граматамі і, зразумела, чарговымі званнямі.

Гэта яшчэ адна добрая традыцыя, якая, мяркуючы па адказнай службе, не павінна перапыніцца і ў будучым.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік