Воскресенье, 27 мая 2018

Финалистка проекта «Академия талантов» Виктория Шейко: «Больше всего хочу петь!»

2 075

Не паспелі заціхнуць страсці з нагоды тэлевізійнага праекта АНТ “Я  пяю!”, як зноў пружанскія гледачы прыпалі да тэлеэкранаў. Увагу прыцягнула “Акадэмія талентаў” ці, калі больш дакладна, адна з               удзельніц тэлепраекта – Вікторыя Шэйко, якая пры кожным зручным моманце падкрэслівала, што родам з Пружан.

У нашым райцэнтры былую вучаніцу гімназіі Вікторыю Шэйко ведаюць многія і найперш як пачынаючую спявачку. У выпусках “Маладзёжнага клуба” мы не раз пісалі пра яе творчыя перамогі. Некалькі гадоў таму разам з сям’ёй дзяўчына пераехала ў Мінск. І раптам убачылі яе па цэнтральным беларускім тэлеканале, ды яшчэ і ў фінале праекта. Гэта стала нагодай, каб зноў звязацца з Вікай і пацікавіцца не толькі самім праектам, але і далейшымі творчымі планамі спявачкі.

— Але спачатку, Віка, раскажы, калі ласка, што істотнага адбылося ў тваім жыцці пасля пераезду ў сталіцу.

— Я паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і цяпер з’яўляюся студэнткай другога курса перакладчыцкага факультэта. Але ўвесь гэты час ні на хвілінку не забывала пра заняткі музыкай. Займалася ў студыі. Калі даведалася пра кастынг, не задумваючыся, накіравалася туды.

— Як вядома, агульная колькасць прэтэндэнтаў, якія жадалі ўдзельнічаць ў тэлепраекце, перавысіла дзве тысячы, а конкурс склаў 50 чалавек на месца. Быць у ліку яго ўдзельнікаў – таксама перамога…

— Менавіта перамогу я адчула, калі прайшла адбор і стала ўдзельніцай “Акадэміі талентаў”. Бо гэта нават больш, чым музычны праект. Гэта – школа для пачынаючых выканаўцаў і сапраўдная бітва паміж самымі  ўплывовымі і вядомымі беларускімі прадзюсарамі. А таксама цудоўны шанц маладым артыстам праверыць сябе на вялікай сцэне.

— І што гэта была за праверка?

— Мы штодня займаліся з педагогамі па вакалу і харэографамі, запісваліся ў студыі, сустракаліся са стылістамі і нашымі настаўнікамі – пра-дзюсарамі. На працягу двух месяцаў кожную нядзелю даводзілася адстойваць свой гонар на сцэне. Пасля кожнага шоу “Акадэміі талентаў” тры ўдзельнікі пакідалі праект, а тыя, што засталіся, з надзеяй чакалі свайго фіналу…

— Што для цябе, Вікторыя, было самым складаным на праекце?

— Адсутнасць музычнай падрыхтоўкі. Бо калі ты ў эфіры, разумееш: мала разлічваць толькі на свой талент, неабходна ўмець рухацца і мець прафесійна пастаўлены вакал.

— А крытыка? Здавалася, што Макс Алейнікаў быў да цябе надзвычай строгім, нават бесцырымонным…

— Сапраўды, многае яму не падабалася. Напрыклад, ён лічыў, што я  няшчырая і злая. Хаця ў завяршэнні праекта прызнаўся, што памыляўся, бо дрэнна мяне ведаў. І хоць крытыкі ў мой адрас было дастаткова, гэта мяне не пахіснула. Наадварот, прымусіла займацца больш і больш.

— А як складваліся адносіны паміж удзельнікамі праекта? Па тэлебачанні мы бачылі, што ўсё было прыгожа. Аднак як было на самой справе, бо найперш вы былі сапернікамі?

— Я не сказала б, што існавала саперніцтва. Ва ўсялякім разе цвікі ў туфлі ніхто не падкладваў… Фінал усё расставіў на свае месцы. Лічу, што туды выйшлі самыя дастойныя і моцныя ўдзельнікі.

— Вікторыя, на праекце ты прадставілася як дзяўчына з Пружан. Як лічыш, пружанцы цябе падтрымалі?

— Я – не мінчанка. Заўсёды адчувала сябе дзяўчынай з маленькага горада. І ніколі пра свае Пружаны не забывала. Наадварот, лічу, што я тут — каб праславіць наш райцэнтр. А падтрымка маіх землякоў была такая, што я дагэтуль у прыемным шоку. І дзякуй пружанцам за гэта. Большасць з тэлефанаванняў (а ўсяго за мяне аддалі 3272 галасы), мяркую, паступіла менавіта з маёй малой радзімы.

— Ты аказалася ў тройцы фіналістаў “Акадэміі талентаў”, з чым цябе і віншуем. Хаця перамогу атрымаў Яўген Слуцкі. А як сама расцэньваеш такі вынік?

— У фінале былі спаборніцтвы пра-дзюсараў. І гэта не толькі маё меркаванне. Хаця Жэня сапраўды вельмі таленавіты спявак.

— А каму за свой поспех ты найбольш абавязана?

— Педагогу па вакалу Вользе Драздовай. Ніколі не сустракала такіх цудоўных людзей. Спадзяюся, што буду з ёй супрацоўнічаць і далей. Кампазітару Артуру Сцяпанаву, які спецыяльна для мяне напісаў фінальную песню “Никогда”. Асаблівыя словы ўдзячнасці салістцы групы “Топлес” Святлане Ліс. Менавіта з ёй буду цесна супрацоўнічаць у бліжэйшы час па падрыхтоўцы свайго сольнага праекта. Для гэтага ўжо ёсць стыліст і харэограф. І, бясспрэчна, сваёй маме.

— Што даў табе ўдзел у вядомым тэлепраекце?

— Упэўненасць. Навучыў паверыць у сябе і ў свае сілы. Я  вырасла!

— І ўсё ж, Віка, у будучым ты бачыш сябе спявачкай ці перакладчыцай?

— Вельмі хачу ведаць замежныя мовы – гэта маё захапленне. Але яшчэ большае – спяваць на сцэне. Таму спявачкай, вядома!

Гутарыла Галіна Каляда.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *