Суббота, 26 мая 2018

Кто уберет линовский мусор?

1 224

КРАСАВІК традыцыйна з’яўляецца месяцам добраўпарадкавання. У рамках месячніка усе — як арганізацыі, так і індывідуальныя падворкі — павінны навесці парадак на прылягаючай тэрыторыі. Але разуменне гэтага прыходзіць не да кожнага. У гэтым карэспандэнт пераканалася падчас рэйду па Ліноўскім сельсавеце…

Планы мерапрыемстваў па ўборцы тэрыторый складаюць у кожным сельвыканкаме,— расказвае ўрач-гігіеніст Пружанскага РЦГЭ Ангеліна Міцковіч. — На месцах ствараюцца пастаянныя групы, якія, згодна з распрацаванымі графікамі, даследуюць тэрыторыі на прадмет засмечанасці. З нашага ж боку таксама праводзіцца работа: ладзім рэйды, па выніках якіх накіроўваюцца прадпісанні, а ў выпадку іх невыканання праз вызначаны тэрмін складаюцца пратаколы аб адміністрацыйным уздзеянні на найбольш нядбайных гаспадароў.

Да слова, такімі ж паўнамоцтвамі надзелена і мясцовая ўлада: старшыня сельвыканкама таксама можа працаваць па гэтай жа схеме і караць рублём тых, хто не наводзіць парадак ці смеціць вакол сябе. Дарэчы, апошніх, як мы змаглі ўпэўніцца падчас сумеснага рэйду, хапае. Напрыклад, кучкі бытавых адходаў ляжаць уздоўж дарогі, якая вядзе да артсвідравіны на ўскрайку Лінова, чаго па санітарна-гігіенічных нормах ні ў якім разе быць не павінна. Яшчэ крыху — і міні-палігонам для адходаў можна будзе лічыць тэрыторыю паміж школай, рамонтнымі майстэрнямі і піларамай. І такіх месцаў нямала.

—Мы ж не можам адразу прыбраць усё смецце, — апраўдваецца старшыня Ліноўскага сельвыканкама Л.К.Жогал. — Пакуль толькі абрэзалі кустоўе, навялі парадак каля Ліноўскага Дома культуры, прыбіраем могілкі… А што тычыцца насельніцтва, прызнаюся, іншы раз просім дапамогі ў санстанцыі, паколькі мясцовую ўладу ігнаруюць.

— У сэнсе? Не плацяць штрафы за забруджванне тэрыторыі?

— Проста не выконваюць прадпісанні. Летась іх было даслана без малога 150 індывідуальным домаўладальнікам, яшчэ  6 — арганізацыям і прадпрыемствам, — канстатуе Людміла Канстан-цінаўна. — А як выпісаць штраф ААТ «Ліноўскае», напрыклад, за гэтую засмечаную тэрыторыю (мы знахо-дзімся на ўскрайку саду таварыства — Аўт.), калі заўтра я пайду да кіраўніцтва прасіць трактар і пагрузчык для вывазу смецця? А з людзьмі крыкам і сваркамі таксама нельга працаваць: гэта не дасць плёну…

Відаць, менавіта па гэтай прычыне за ўвесь 2011 год сельвыканкам не выпісаў ніводнага штрафу домаўладальнікам. У сваю чаргу раённы цэнтр гігіены і эідэміялогіі жыхарам і арганізацыям Ліноўскага сельсавета накіраваў 20 прадпісанняў і склаў 4 пратаколы, сёлета — ужо 24 і 2 адпаведна.

Лічу, што меры адміністрацыйнага ўдзеяння мелі б лепшы вынік: пакараеш рублём аднаго — будзе навука і суседу. А то ў хуткім часе вёскі сельсавета рызыкуюць быць падобнымі на Загор’е: там праблемы не толькі з трухлявымі безгаспадарнымі дамамі, але і зараснікамі, раскіданымі па іх адходамі жыццядзейнасці, якія жыхары не саромеючыся выкідваюць. Дарэчы, менавіта ў Загор’і выпадкова пачула гаворку двух мужчын, якія назіралі за прыехаўшымі незнаёмцамі. Адзін з іх заўважыў свайму суразмоўцу: маўляў, ходзяць тут, фатаграфуюць смецце, лепш бы прыбралі — большы толк. Прабачце (не магу не выказаць свайго абурэння), але чаму хтосьці павінен прыбіраць тое, што выкінуў другі?

Здаецца, і адказ на пытанне, хто вінаваты ў тым, што ў найбольш засмечаных населеных пунктах сельсавета жыхары скардзяцца: «Вось, бачыце, як наша ўлада вёску запусціла!», — відавочны. Проста даўно вядома, калі на чалавека слова не ўздзейнічае, неабходна пераходзіць да іншых мераў…

Натуральна, асаблівая ўвага напярэдадні святаў — Вялікадня і Радаўніцы — надавалася могілкам. Смецце, варта заўважыць, ляжыць у кучах, акуратна падгрэблена. Але, як  удакладняе Ангеліна Міхайлаўна, месцы гэтыя спецыяльна не абсталяваны для часовага складзіравання.

— Нават на могілкі — святое месца, дзе пахаваны продкі, выходзіць на суботнік ніхто не хоча, — гаворыць Л.К.Жогал. — Бацюшку пра-сіла паўздзейнічаць на прыхаджан — безвынікова.

А напрыканцы рэйду давялося ўбачыць, як пажылы хутаранін цягнуў выкідваць у поле тачку смецця. Вядома, гэта неабходна было спыніць. Упаўнаважаныя пакараць за такое свавольства (тым больш, што, як кажуць, схапілі за руку) пажурылі пенсіянера, параілі скласці дагавор на вываз смецця з КУВП «Камунальнік». А мужчына, паказваючы на смецце, толькі здзіўлена стаяў на сваім: «А куды мне яго падзець?». На тым і разышліся…

Безумоўна, разам са спісам нежадаючых наводзіць парадак ёсць і тыя, хто лічыць сваім абавязкам захоўваць у чысціні прылягаючую тэрыторыю, быць добрасумленным і выкідваць адходы не ў карчоўе на ўскрайку вёскі, а ў смеццявозку. На жаль, у Ліноўскім сельсавеце такіх меншасць.

На здымках:  1. Вось такі «парадак» амаль у цэнтры Лінова (тэрыторыя паміж школай, раммайстэрнямі і піларамай). 2. Смецце каля артсвідравіны. 3. Могілкі ў Аранчыцах прыбраны, ды смецце не вывезена.   4. Рэшткі трухлявага дома ў в.Варотнае. 5. Парушальніка, што назваецца, «схапілі за руку».

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *