Четверг, 24 мая 2018

Что нового в аптеке?

879

Падчас «прамой тэлефоннай лініі» загадчыцы цэнтральнай раённай аптэкі №7 Іне Сяргееўне Крац  паступіла шмат пытанняў.

Па шэрагу зваротаў адразу былі дадзены адказы, у некаторых выпадках патрабаваўся індывідуальны разгляд. Адказы на найбольш актуальныя пытанні мы сёння публікуем. ( Наталля Аляксандраўна, г.Пружаны:

—Я — маладая мама, выхоўваю двух дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Адзіным кармільцам сям’і з’яўляецца тата. У адным з выпускаў навін па тэлебачанні расказалі пра тое, што прыняты новы закон, згодна з якім можна набываць лекі для малых дзяцей па льготных цэнах. Ці трапляю ў вызначаныя катэгорыі і я?

— З пачатку красавіка ўступіў у сілу падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Указ №139, у адпаведнасці з якім лекі для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў будуць выдавацца ў аптэках бясплатна. Але гэта тычыцца толькі тых лекавых сродкаў, якія выпісаны ўрачамі. Складзены адпаведны спіс лекаў, у якім ёсць усе неабходныя,

у тым ліку і імпартныя,

сродкі.

(Л.П.Пракопчык, в.Харава:

—Нядаўна лячыўся ў абласной бальніцы, вельмі падабалася, што аптэчны кіёск знаходзіцца ў фае ўстановы: не трэба нікуды ісці, асабліва зімой. Чаму б і ў Пружанах не зрабіць так?

— Да нас неаднаразова звярталіся людзі з такой прапановай. Таму было вырашана адкрыць у холе прыёмнага пакоя цэнтральнай раённай бальніцы аптэку 4 катэгорыі. На гэтым тыдні яна пачала працаваць — з 8 да 20 гадзін, з выхаднымі днямі ў суботу і нядзелю. Там рэалізуюцца не толькі лекі, але і спадарожныя медыцынскія тавары, сродкі асабістай гігіены.

(В.С.Грамовіч, г.Пружаны:

—Ва ўсім свеце зараз сур’ёзна ставяцца да самастойнага лячэння лю-дзей: маўляў, трэба вучыць гэта рабіць, каб разгрузіць урачоў, з’эканоміць час на бальнічныя лісткі. Ці прымаецца гэта да ўвагі і ў нас?

— Прымаецца, але падчас аналізу сітуацыі становіцца відавочным, што ад самалячэння больш негатыўных наступстваў, чым карысці. Справа ў тым, што многія лекі маюць пабочныя эфекты і для кожнага пацыента вызначаюцца індывідуальныя дозы. Нават пры адной хваробе розным людзям дапамогуць розныя лекавыя сродкі. Міністрам аховы здароўя неаднаразова выказвалася меркаванне, што з-за нізкай медыцынскай адукаванасці нашага насельніцтва свабодная рэалізацыя лекаў толькі шкодзіць. У выніку прынята пастанова Міністэрства аховы здароўя, згодна з якой з другой палавіны бягучага года большасць лекавых сродкаў будуць рэалізоўвацца ў аптэках толькі па рэцэптах урачоў. У спіс увайшлі і некаторыя вітамінныя групы. Для безрэцэптурнага продажу вызначаны спіс, у які ўваходзяць 403 найменні лекаў. Ён ёсць ва ўсіх аптэках, дзе жадаючыя могуць азнаёміцца з ім.

(В.М.Каралёва, г.Пружаны:

—Я — інвалід ІІІ групы і раней не карысталася льготамі на набыццё лекавых сродкаў. Але нядаўна ў аптэцы набыла патрэбнае лякарства са скідкай. Гэта разавая акцыя або цяпер так будзе пастаянна?

— З 1 красавіка льготамі пры набыцці лекавых сродкаў карыстаюцца і інваліды ІІІ групы. Раней было прынята рашэнне аб вызначэнні вузкай катэгорыі такіх грама-дзян, якія маюць асаблівыя заслугі. Цяпер жа спіс пашыраны, у яго ўвайшлі амаль усе інваліды ІІІ групы. Выключэнне складаюць толькі тыя асобы, інваліднасць якіх наступіла ў выніку супрацьпраўных дзеянняў па прычыне алкагольнага, наркатычнага і таксічнага ап’янення. Такім чынам, на лекі па рэцэптах урачоў у межах спісу асноўных лекавых сродкаў амаль усе інваліды ІІІ групы маюць права на 50-працэнтную скідку.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *