Вторник, 22 мая 2018

Оранчицкий хлеб: сделано с душой

1 077

Хлеб — універсальны прадукт, які ядуць практычна ўсе, незалежна ад веравызнання, дыет або абмежаванняў па здароўі. Здаецца, рэцэптура хлеба таксама даўно вывучана і чым-небудзь новым здзівіць пакупніка наўрад ці ўдасца. Але гэта — не аксіёма для аранчыцкіх хлебапёкаў.

— Мы паспрабавалі выпякаць свой хлеб, напэўна, гадоў 15 таму,— расказвае дырэктар Аранчыцкага збожжа-прыёмнага прадпрыемства І.Р.Замковіч.

— Тады час патрабаваў знаходзіць розныя варыянты выжывання, дадатковыя крыніцы выручкі, у выніку стала «модным»  займацца неўласцівай дзейнасцю.

Між тым, выпечку хлеба наўрад ці можна аднесці да чужародных збожжапрыёмнаму прадпрыемству, якое займаецца выкананнем дзяржзаказу па нарыхтоўцы збожжа, відаў дзейнасці.

Калектыў Аранчыцкага ЗПП гатовым хлебам пацвярджае якасць сваёй работы ўвогуле. І, трэба адзначыць, робіць

гэта паспяхова. Аранчыцкі хлеб вельмі папулярны ў Пружанах: неаднаразова быў сведкам чэргаў па гэты прадукт. А выпускаюць яго сем жанчын — Г.М.Дзярнова, Т.С.Чапялевіч, І.М.Парв, Т.У.Балака, Т.С.Дуднік і С.В.Вакульчык на чале з загадчыцай пякарні З.М.Аляхновіч. Менавіта Зінаіда Мікалаеўна першая пачала наладжваць тут выпечку хлеба, падбіраць калектыў.

— Работа наша пачынаецца ноччу, каб раніцай быў гатовы свежы і духмяны хлеб, які так чакаюць пакупнікі,— зазначае загадчыца пякарні.

— Не ўсе могуць вытрымаць пастаянныя начныя змены, а тут яшчэ такая карпатлівая работа.

Сапраўды, трэба не толькі дасканала выконваць усю тэхналогію: выпечка хлеба патрабуе і ўкладання часцінкі душы. І, як гаворыць Зінаіда Мікалаеўна, зараз ім выдатна гэта ўдаецца. Магчыма, прычына такой папулярнасці мясцовага прадукту яшчэ і ў тым, што працэс не поўнасцю механізаваны, шмат працы прыходзіцца і на жаночыя рукі. Прасеяць муку, замясіць цеста, запоўніць формы і паставіць у печку… Словам, работы хапае.

Справядлівасці дзеля трэба прызнаць, што ёсць і нараканні, але адзінае, чым не задаволены пакупнікі, — гэта невялікія аб’ёмы выпечкі.

— Мы працуем толькі пад заказ, бо наша прадпрыемства не мае магчымасці перапрацоўваць вяртаемыя тавары ў выпадку такой неабходнасці,— зазначае З.М.Аляхновіч.— Кожны з пяці магазінаў, дзе рэалізуецца наш хлеб, заказвае свае аб’ёмы, якія мы выконваем: штодня выпякаем 1300-1500 кілаграмаў хлеба.

Але і пры такіх невялікіх аб’ёмах асартымент прадпрыемства шырокі: 12 найменняў. Па рэцэптуру боханаў, батонаў, булачак жанчыны спецыяльна ездзілі ў Мінск. Словам, калі так ставіцца да сваёй працы, то і аддача будзе адпаведнай.

Алег Сідарэнка.

На здымку: са свежай прадукцыяй загадчыца пякарні З.М.Аляхновіч.

Фота Аляксандра Мелеша.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *