Воскресенье, 22 мая 2022

«Прамыя лініі», сустрэчы, прыёмы грамадзян: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Ляўчук працуе ў акрузе

266

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук працягвае работу ў выбарчай акрузе.

На мінулым тыдні дэпутат правёў «прамую тэлефонную лінію» і прыём грамадзян. Да народнага абранніка звярнулася 12 чалавек з асабістымі просьбамі і прапановамі.

Прайшлі і планавыя сустрэчы з кіраўніцтвам райаддзела абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны, дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, райвузла паштовай сувязі.

З мэтай аператыўнага рэагавання на звароты Аляксандр Ляўчук сустрэўся з галоўным урачом ЦРБ Андрэем Пачынчыкам, начальнікам аддзела па адукацыі Ірынай Казарэз, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандрам Момлікам і іншымі кіраўнікамі.

У панядзелак, 14 лютага, дэпутат працаваў на тэрыторыі Шчарчоўскага сельсавета, дзе прайшоў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Падчас яго да Аляксандра Леўчука звярнулася сем выбаршчыкаў. Адно з галоўных пытанняў – асфальтаванне ўчастка дарогі ад в.Галасяціна да трасы Р-98 (вакол Белавежскай пушчы). Заяўнікі падкрэслілі, што гэтая тэрыторыя вельмі прыгожая і перспектыўная для жыцця людзей, а вось стан дарогі дрэнны.

Набалелае пытанне – недахоп транспарту ў напрамку да Пружан ці да Брэста. Таксама людзей хвалюе добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, якасць ацяплення дамоў, стан арэндных кватэр, будаўніцтва станцыі абезжалезвання вады ў Шчарчове і нізкая якасць інтэрнэт-паслуг у Галасяціне.

Да Аляксандра Леўчука звярнулася з грамадска значнымі праблемамі і дэпутат сельскага Савета дэпутатаў Людміла Леанідаўна Палянчук (на здымку). Усе звароты будуць дэталёва вывучаны і па магчымасці вырашаны.

Затым Аляксандр Георгіевіч сустрэўся з кіраўніцтвам і калектывам шчарчоўскай школы. Ва ўстанове адукацыі гаварылі пра змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абмеркавалі актуальныя праблемы. У прыватнасці, настаўнікі вельмі занепакоены тым, што шматдзетныя сем’і з’язджаюць у горад, з-за чаго у школе скарачаецца колькасць вучняў.

Для абмеркавання глабальных пытанняў жыхароў Шчарчоўскага сельсавета Аляксандр Ляўчук правёў сустрэчы са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кудраўцом і намеснікам старшыні райвыканкама Русланам Супрыновічам.

Таццяна Кашкан, памочнік дэпутата