Понедельник, 23 мая 2022

Да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дзве «афганскія» камандзіроўкі былога прапаршчыка 330-га асобнага верталётнага палка Уладзіміра Працэнкі

568

Сышла ў гісторыю афганская вайна 1979-1989 гадоў. Але ў памяці таго пакалення савецкіх людзей, якое прайшло праз яе, яна застаецца навечна. Гэтае пакаленне асаблівае: абпаленае агнём Афгана, яно вытрымала цяжар «чужой» вайны і вынесла ўрокі з яе.

У ліпені 1982 года дзве эскадрыллі 330-га асобнага верталётнага палка з Засімавічаў пад камандаваннем палкоўніка Махмута Шакірава пачалі свой баявы шлях у Афганістане на аэрадроме Джэлалабада. У складзе адной з верталётных эскадрылляў быў і механік групы «Верталёт і рухавік» інжынерна-авіяцыйнай службы палка прапаршчык Уладзімір Працэнка.

Нарадзіўся і вырас Уладзімір Працэнка ў Данецкай вобласці, у шахцёрскай сям’і, таму сумненняў у выбары жыццёвага шляху не меў. Скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча, стаў машыністам шахтавага штрэкавага электравоза. Менавіта тут, у шахцёрскім калектыве, і загартаваўся байцоўскі характар, выпрацавалася звычка рабіць усё адказна і сумленна.

У 1976 годзе юнака прызвалі на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Так ён апынуўся ў Беларускай ваеннай акрузе, у вайсковай часці, якая дыслакавалася ў Слабудцы. Тут сустрэў свой лёс — дзяўчыну Ніну. Знаёмства хутка перарасло ва ўзаемную сімпатыю і каханне. Згулялі вяселле. Пасля звальнення Уладзіміра ў запас маладая сям’я накіравалася на яго радзіму, але ў хуткім часе жонка настаяла на вяртанні ў Беларусь, у Пружаны.

Тады Уладзімір Працэнка і прыняў рашэнне пайсці на звыштэрміновую службу. Пасля навучання ў школе прапаршчыкаў стаў механікам групы «верталёт і рухавік». Вырашальную ролю ў гэтым сыграў тагачасны камандзір 330-га асобнага верталётнага палка, які базіраваўся ў Засімавічах, палкоўнік Махмут Шакіраў. Міхаіл Закіравіч (так называлі ў палку камандзіра на рускі манер), верталётчык вышэйшай пробы, разумны камандзір, асабіста праводзіў гутарку з кандыдатам на службу. Ён падрабязна распытаў Уладзіміра пра тэрміновую службу, працоўную загартоўку, погляды на жыццё. І вырашыў, што патомны шахцёр і добрасумленны салдат тэрміновай службы будзе талковым і надзейным механікам. Фактычна, стаў яго «верталётным хросным бацькам».

У 1982 годзе яны разам і накіраваліся ў Афганістан.

З успамінаў Уладзіміра Працэнкі:
«На аэрадроме, размешчаным досыць высока над узроўнем мора і акружаным гарамі, нас радасна сустрэлі верталётчыкі, якіх мы прыбылі змяніць, а яшчэ — нязвыклая моцная спякота і частая стральба па перыметры аховы. Баявая служба нашых экіпажаў пачалася практычна адразу ж па прыбыцці. І калі мы, спецыялісты інжынерна-авіяцыйнай службы палка, убачылі прабітыя лопасці вінтоў, адтуліны ад траплення куль буйнакаліберных кулямётаў у паліўных баках, радыятарах сілавых установак, то толькі тады выразна ўсвядомілі, што мы — на вайне»

Уладзімір Мікалаевіч падкрэслівае, што і яго баявыя сябры па групе Сяргей Хандога, Андрэй Браварскі, Віктар Палявы і ўсе наземныя спецыялісты інжынерна-авіяцыйнай службы, разумеючы, што ад бездакорнай работы авіяцыйнай тэхнікі напрамую залежаць жыцці экіпажаў верталётаў, працавалі адказна, зладжана, не лічыліся з часам і цяжкімі кліматычнымі ўмовамі.

А колькі сіл, умення, майстэрства, а часам вынаходлівасці, трэба было ўкласці Уладзіміру Працэнку і яго таварышам пры ўхіленні пашкоджанняў не толькі на аэрадроме базіравання, але і вылятаючы да месцаў вымушанай пасадкі «круцёлак», працуючы часам і пад агнём душманаў. 

З аповеду У. Працэнкі:
«Аднойчы мы вылецелі перадавой групай ІАС у раён Газні для замены лопасцей апорнага вінта верталёта, які здзейсніў вымушаную пасадку. Але на нашым борце выйшла са строю сілавая ўстаноўка, і мы на ўласнай шкуры адчулі, што значыць для экіпажаў надзейная работа тэхнікі пры выкананні баявых задач. А тады толькі дзякуючы вытрымцы і лётнаму майстэрству камандзіра верталёта капітана Віктара Голуба атрымалася пазбегнуць катастрофы».

З вялікім сумам і болем душы Уладзімір Мікалаевіч узгадвае загінулых таварышаў. 

11 верасня 1982 года загінуў экіпаж Мі-24 у складзе капітана Аляксандра Філіпі і старшага лейтэнанта Аляксандра Круглова, 15 лютага 1983 года — экіпаж Мі-8 у складзе капітана Міхаіла Кукаева, капітана Аляксандра Анціпава і старшага прапаршчыка Барыса Сырцова. Да таго ж у авіяцыйнай катастрофе Ан-12, які вяртаўся з Саюза, загінулі маёр Віктар Герасімаў і прапаршчык Сяргей Хандога.

Доўгачаканая замена – і вяртанне ў Беларусь, на аэрадром у Засімавічах.

Вось як распавядае пра тую сустрэчу Яна, дачка Уладзіміра Працэнкі:
«Прызямліўся ваенна-транспартны самалёт. Сустракаючых, сярод якіх былі і мы з мамай, прапусцілі да месца яго стаянкі. Мы па нейкай прычыне размінуліся з бацькам. Ужо выйшлі ўсе, а яго ўсё няма. Сэрцы нашы шалёна забіліся ад трывогі… і раптам ззаду нас хтосьці абдымае. Бацька!»

Праз два гады, у жніўні 1985-га, афганская эпапея Уладзіміра Працэнкі працягнулася, цяпер ужо на аэрадроме Баграм у складзе 262-й асобнай верталётнай эскадрыллі.

У 1985-1986 гадах 262-я АВЭ актыўна ўдзельнічала ў баявых аперацыях. Інтэнсіўнасць баявых вылетаў часам дасягала піка магчымасцей. І як дарэчы быў баявы вопыт Уладзіміра Працэнкі. Ён стаў не толькі прафесійным выканаўцам работ на планёры і сілавых устаноўках верталётаў, але і надзейным памочнікам намесніка камандзіра эскадрыллі па інжынерна-авіяцыйнай службе.

262-я эскадрылля вяла баявую работу ў інтарэсах 108-й мотастралковай дывізіі, асноўнымі яе задачамі з’яўляліся прыкрыццё калон з грузам ад Саланга да Чырыкара і далей на Кабул, забеспячэнне пастоў у цясніне Панджшэр, а таксама вылеты для выяўлення і нагляду караванаў, якія ішлі з Пакістана.

Па абодва бакі сумна вядомай цясніны размяшчаліся нашы высакагорныя пасты — на вышынях ад 900 да 2000 метраў. На кожным, як правіла, знаходзілася ад 3 да 6 чалавек. Кожны пост быў абсталяваны невялікай пляцоўкай для пасадкі верталётаў. У залежнасці ад рэльефу пляцоўкі мелі памеры 3х4 метра і нават усяго 1х1,2 метра. На такую можна было ў рэжыме завісання паставіць толькі левае асноўнае кола! У такім становішчы яно тармазілася, і верталёт не разгойдваўся, а грузавыя дзверы знаходзіліся над пляцоўкай і так адбывалася выгрузка. Адна з пляцовак была настолькі малая, што можна было паставіць толькі пярэдняе кола, асноўныя ж віселі над прорвай… А пасты неабходна было забяспечваць вадой, харчаваннем і боепрыпасамі, якія канчаліся часта хутчэй, чым прадукты… І гэта была таксама вельмі важная задача ў паўсядзённай баявой рабоце верталётчыкаў 262-й АВЭ. 

Складаныя палётныя ўмовы і актыўнасць душманаў у цясніне патрабавалі распрацоўкі методыкі, якая звяла б да мінімуму верагоднасць страт. Дзякуючы вопыту камандзіра эскадрыллі маёра Уладзіміра Хахракова, для якога гэта была ўжо не першая камандзіроўка ў Афганістан, была ўсталявана дакладная паслядоўнасць работы транспартных верталётаў Мі-8 і прыкрыцця верталётамі Мі-24.

Уладзімір Працэнка дае такую высокую адзнаку свайму камандзіру і баявому таварышу:
«Камандзір нашай 262-й АВЭ, з якім я служыў і ў Засімавічах, і падчас першай камандзіроўкі ў Афганістан у складзе 330-га АВП, Уладзімір Мікалаевіч Хахракоў, які вырас у баявой абстаноўцы да падпалкоўніка, карыстаўся ў эскадрыллі бясспрэчным аўтарытэтам. Гэта быў і верталётчык, як кажуць, «ад Бога», і разумны камандзір. Ганаруся, што давялося служыць і выконваць баявыя задачы пад яго камандаваннем!»

Дадам, што верталётны камэска Уладзімір Хахракоў застаўся верным баявому братэрству верталётчыкаў 330-га палка. Менавіта ён быў арганізатарам сустрэчы ветэранаў 330-га АВП у 2012 годзе ў Пружанах, калі яны сабраліся разам, нягледзячы на адлегласці, пражыванне ў розных рэгіёнах былога Савецкага Саюза.

А Уладзімір Працэнка за сваю ратную працу і праяўленую мужнасць быў узнагароджаны пасля першай камандзіроўкі ў Афганістан медалём «За баявыя заслугі», а па выніках другой — ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 3-й ступені.
 
Пасля вяртання з другой афганскай камандзіроўкі старшы прапаршчык Працэнка служыў у групе савецкіх войскаў у Германіі, а завяршыў службу на аэрадроме «Асаўцы», што пад Бярозай, у якасці камандзіра аўтатранспартнага ўзвода. І пасля звальнення ў запас застаўся ў страі: цяпер ён — спецыяліст грамадзянскага персаналу адной з вайсковых часцей Бярозаўскага гарнізона, працуе аўтамабільным электрыкам.

Уладзімір Працэнка з дачкой Янай і сынам Аляксеем.

Пасля працы ва ўтульным доме яго сустракае клапатлівая жонка Ніна Мікалаеўна. Дачку Яну можна назваць прадаўжальніцай справы жыцця бацькі: яна цяпер у вайсковым званні прапаршчыка служыць начальнікам клуба палка радыёэлектроннай барацьбы, абавязкі выконвае добрасумленна, актыўна ўдзельнічае ў выхаваўчай рабоце з асабовым складам. А інакш і быць не магло. Сын Аляксей узорна адслужыў тэрміновую службу, працуе на мірнай ніве.

Цешаць Уладзіміра Мікалаевіча і яго верную спадарожніцу жыцця ўнукі. Усё ўдалося, але памяць пра дні Афганістана, пра баявых таварышаў не адпускае…

Уладзімір Касьянаў, г. Бяроза.

Фота з асабістага архіва У. Працэнкі.