Понедельник, 23 мая 2022

Гісторыя з фатаграфіяй. Мост на вуліцы Камуністычнай

685

Вось такой я добра памятаю вуліцу Камуністычную пачатку 1970-х. Цяпер яна называецца вуліцай Рыгора Шырмы, калі хто не ведае.

Па гэтай вуліцы мы бегалі глядзець новыя фільмы ў кінатэатр «Спадарожнік» і Дом афіцэраў. З высокага адхону каля Мухаўца каталіся зімой, замест санак выкарыстоўваючы ўласныя партфелі і кардонныя скрынкі з бліжэйшага магазіна. У чатырохпавярховым ДАСе — доме афіцэрскага саставу жыла аднакласніца і задушэўная сяброўка Роза (калі ж мы з ёй бачыліся апошні раз, ці не гадоў дзесяць таму?). А пяціпавярхоўка з паштовым аддзяленнем на першым паверсе — гэта ўжо вуліца Набярэжная — яшчэ не заселена: ніводнай тэлеантэны на даху няма.

І гэты, што бачны справа на здымку, і іншыя прыватныя дамы, якія стаялі на самым беразе Мухаўца, яшчэ праз некалькі гадоў знікнуць. Ды і сама рэчка, і мост праз яе, па якім шыбуюць мае аднагодкі, значна зменяцца за палову стагоддзя. Горад стаў іншым, але застаецца памяць пра дзяцінства ў ім, пра адчуванне прадвесня, гагатанне гусей на беразе, гаркаваты пах галінак дрэў, якія абразаюць работнікі камунальнай службы… Варта толькі паглядзець на старое фота.

Вядучая рубрыкі Ірына Сядова