Понедельник, 23 мая 2022

Кубак за другое каманднае месца і асабістыя ўзнагароды заваявалі работнікі Пружанскага лясгаса на абласной спартакіядзе па лыжных гонках

700

Не першы год запар работнікі лясгасаў вобласці збіраюцца ў аг.Мір Баранавіцкага раёна. Спартакіяда па лыжных гонках прайшла тут і сёлета. Выдатна паказалі сябе на ёй работнікі ДЛГУ «Пружанскі лясгас».

Сапернікамі нашай зборнай былі яшчэ 14 каманд лясгасаў Брэстчыны. Пераможцы вызначаліся як па выніках індывідуальных гонак, так і ў камандным першынстве. Пры гэтым мужчынам усіх узроставых груп трэба было пераадолець тры кіламетры, жанчынам, якія змагаліся ў малодшай і сярэдняй узроставых групах, – два, у старэйшай – адзін кіламетр.

Па выніках заездаў сярэбраную ўзнагароду ў сярэдняй узроставай групе (30-39 гадоў) сярод мужчын заваяваў майстар лесу Лыскаўскага лясніцтва Аляксандр Ляцэвіч (летась у гэтай катэгорыі ён быў абсалютным чэмпіёнам). А вось сярод мужчын старэйшай групы (40 і больш гадоў) паўтарыў мінулагодні поспех і стаў першым вальшчык лесу Міхалінскага лясніцтва Сяргей Макарэвіч.

Варта адзначыць, што кожны член каманды лясгаса пакінуў усе сілы на лыжні, што і дазволіла зборнай атрымаць кубак за другое агульнакаманднае месца.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена лясгасам