Понедельник, 23 мая 2022

Шматдзетныя бацькі Аляксандр і Надзея Гоман з аг. Лінова: «Галоўная місія на зямлі — выхоўваць дзяцей»

904

Надзея Міхайлаўна і Аляксандр Іосіфавіч выхоўваюць дачку і двух сыноў і лічаць, што для іх – гэта галоўная місія на зямлі, інакш быў бы страчаны сэнс слова “сям’я”. Але давайце зробім крок назад, каб паглядзець, з чаго ўся гэтая гісторыя пачыналася.

Сям’я Гоман.

Надзея пасля заканчэння Брэсцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча чыгуначнага транспарту пайшла працаваць на чыгунку правадніцай. Аднойчы сустракала Новы год на Століншчыне, у сяброўкі. Гэтае рашэнне аказалася лёсавызначальным: менавіта там сустрэла свайго будучага мужа. У 2005 годзе яны згулялі вяселле. Цяпер Аляксандр Іосіфавіч працуе электраманцёрам кантактнай сеткі на чыгуначнай станцыі Аранчыцы. А Надзеі з нараджэннем дзяцей давялося памяняць род дзейнасці – уладкавалася на ААТ “Аранчыцкая птушкафабрыка”.

У 2006 годзе нарадзілася дачушка Вераніка, якая вучыцца ўжо ў 9 класе Ліноўскай СШ. Дзяўчынка прымае актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах, скончыла мясцовую музычную школу, цудоўна іграе на баяне. Наогул яна любіць творчасць ва ўсіх яе праявах, дапамагае матулі па хатняй гаспадарцы, гатуе разам з ёй смачныя стравы, каб парадаваць мужчынскую частку вялікай сям’і.

Данііл цяпер вучыцца ў 5 класе, вельмі любіць маляваць, а фотаздымкі прыроды атрымліваюцца ў хлопчыка проста незвычайнымі! Дарэчы, ён гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу сваім родным.

Лік тры ў некаторых старажытных культурах лічыцца свяшчэнным. Значыць, сям’і Гоман у гэтым плане вельмі пашанцавала, бо ў 2013 годзе нарадзіўся другі сынок, Уладзіслаў. Здаецца, было гэта зусім нядаўна, а ён ужо другакласнік. Любіць розныя настольныя гульні, а што самае галоўнае – стараецца ва ўсім дапамагаць матулі, нават посуд мые. Сапраўдны мужчына расце, што, напэўна, нядзіўна: прыклад бацькі і старэйшага брата перад вачыма.

Адзін з вырабаў Надзеі Міхайлаўны.

Нягледзячы на шмат хатніх клопатаў, Надзея Міхайлаўна – таксама вельмі творчы чалавек, у свой час займалася бісерапляценнем, потым захапілася вырабам лялек, розных прадметаў інтэр‘еру, а яшчэ асвоіла тэхніку вырабу тапіярый. У 2019 годзе праводзіўся конкурс “Аранчыцкая скарбонка”, дык Надзея Гоман атрымала дыплом за свае ўмелыя рукі.

У цеснаце, ды не ў крыўдзе – кажуць у народзе. Доля праўды ў гэтым ёсць. Але ж кожнаму хочацца мець і сваю асабістую прастору. Нашы героі пакуль пражываюць у двухпакаёвай кватэры ў аг. Лінова, згадзіцеся, не вельмі многа месца для пяцярых чалавек. Таму сям’я Гоман вырашыла стаць на чаргу на расшырэнне жыллёвай плошчы. Праз некаторы час яны атрымалі ўчастак, а ў канцы 2019 года — крэдыт на будаўніцтва дома. Пасля чаго закіпела праца. Яшчэ не ўсё зроблена, але будзем спадзявацца, што ў хуткім часе іх мара аб уласным вялікім доме ў дружнай сям‘і спраўдзіцца. І хто ведае, можа, праз год-другі ў Ліноўскім сельсавеце стане на аднаго або нават двух жыхароў больш. У жыцці ўсё можа быць.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік