Пятница, 21 сентября 2018

О подробностях тушения пожара на «Нетканом мире» рассказывает начальник райотдела по ЧС А.А. Гончаров

1 058
У нядзелю ў райцэнтры адбылося надзвычайнае здарэнне, якое прыцягнула ўвагу да Пружан з боку амаль усіх рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Прычынай стаў пажар на вытворчасці ТАА «Нятканы свет», у арандуемым прадпрыемствам памяшканні каля завода радыёдэталей па вул.Чырвонаармейскай.
На наступны дзень мы звярнуліся да начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Ганчарова з просьбай паведаміць пра ўжо вядомыя на гэты момант абставіны пажару.
— Паведамленне пра пажар у цэху сінтэтычных матэрыялаў у дзяжурную часць РАНС паступіла ў 11.52, праз тры хвіліны на месца здарэння прыехала наша падраздзяленне,— расказаў Андрэй Аляксандравіч.— Адразу на месцы быў вызначаны маштаб пажару і было прынята рашэнне аб абвяшчэнні трывогі па ўсім раённым гарнізоне МНС.
Адразу было ўстаноўлена, што ў памяшканнях няма людзей, захоўвалася там 10 тон сінтэпону, 20 тон ваціну, мільён штук малочных фільтраў і 15 тон сыравіны. Ліквідацыя агню ўскладнялася шэрагам прычын. Па-першае, само прадпрыемства, якое складаецца з некалькіх цэхаў, злучаных паміж сабой мае даўжыню 140 метраў і шырыню 60 метраў. Таму было вырашана прыцягнуць на тушэнне і людзей і тэхніку з іншых раёнаў. Такім чынам ў ліквідацыі катастрофы ўдзельнічалі падраздзяленні з Бярозаўскага раёна, гарадоў Валкавыска і Брэста. Акрамя таго, дапамогу пажарным аказвалі і брыгады КУВП «Камунальнік», аўтапарка, Пружанскіх электрасетак і райгазу. Дзяжурылі і медыкі «хуткай дапамогі». Усяго было задзейнічана 25 адзінак тэхнікі і 65 чалавек. Дарэчы, гэта здарэнне ў чарговы раз пацвердзіла аператыўнасць узаемаадносін нашых службаў, што ў размове адзначылі і прадстаўнікі спецыяльнай камісіі па расследаванні абставін здарэння.
Спачатку спрабавалі патушыць агонь знутры, але гэтаму перашкодзіла моцнае задымленне, з-за чаго была нулявая бачнасць. А таксама рызыка разбурэння нясучых канструкцый. З памяшкання даносіліся гукі абрушэнняў, акрамя таго былі зарэгістраваны 5-7 невялікіх выбухаў. Узнікла падазрэнне, што там могуць знаходзіцца выбухованебяспечныя прадметы, што потым пацвердзілася пасля першаснага агляду месца здарэння: знойдзены рэшткі аднаго і адзін цэлы кіслародны балон. Улічваючы гэтыя фактары, які летась сталі прычынай гібелі ў Мінску на такім жа пажары чатырох супрацоўнікаў, было прынята рашэнне тушыць агонь звонку. Складанасці былі і ў тым, што мы прыступілі да ліквідацыі ў той момант, калі агонь амаль поўнасцю ахапіў памяшканне. Ад высокай тэмпературы пабіліся вокны, а моцны вецер у нядзелю толькі спрыяў распаўсюджванню агню.
У выніку прынятых намаганняў пажар быў лакалізаваны ў 15.00, а праз 46 мінут поўнасцю патушаны. Аднак пасля гэтага на працягу ўсёй ночы з нядзелі на панядзелак мы пралівалі ўсё памяшканне, каб пазбегнуць узнікнення яшчэ аднаго ачагу ўзгарання. І на працягу наступных сутак таксама выставім дзяжурства для маніторынгу сітуацыі.
— Андрэй Аляксандравіч, узнікла шмат чутак наконт прычын здарэння.
— Адразу адзначу, што пакуль зроблены папярэднія высновы, якія пасля правядзення адпаведных экспертыз або пацвердзяцца, або будуць зроблены іншыя вынікі. З апытання двух рабочых, якія ў гэты дзень у адным з цэхаў праводзілі дэмантаж старога водаправоду, стала вядома, што яны выкарыстоўвалі электраінструмент: з дапамогай «балгаркі» рэзалі трубы. Магчыма, адна іскра і трапіла на гатовую прадукцыю. Спачатку пры выяўленні ачагу ўзгарання рабочыя паспрабавалі самастойна ліквідаваць яго пры дапамозе першасных сродкаў пажаратушэння, але не справіліся. Яны пакінулі памяшканне і выклікалі пажарных. Хуткаму распаўсюджванню агня спрыяла і тое, што на прадпрыемстве ігнаравалі выкананне элементарных правілаў супрацьпажарнай бяспекі. За тэрмін работы на канструкцыях столі назапасілася шмат лёгказапальваемага матэрыялу, які і дапамог пажару пайсці ў іншыя цэха.
— Абышлося без чалавечых ахвяр?
— Як я казаў, акрамя тых двух, што пакінулі памяшканне, на прадпрыемстве не было людзей. А нашы супрацоўнікі знаходзіліся звонку падчас ліквідацыі пажару. Такім чынам, па медыцынскую дапамогу ніхто не звяртаўся.
— А як наконт матэрыяльнага ўрону?
— Сумы пакуль не называю, але, відавочна па ўбачаным сёння, яны будуць каласальнымі. Знішчаны гатовая прадукцыя, сыравіна, пашкоджана абсталяванне, нанесены ўрон памяшканню на плошчы 2400 кв.метраў, частка даху разбурылася. Дарэчы, разбурэнне нясучых канструкцый працягвалася і пасля ліквідацыі пажару.
— Андрэй Аляксандравіч, Вы зазначылі, што выяўлены грубыя парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Узнікае пытанне: а куды глядзела наглядная служба РАНС?
— Справа ў тым, што ТАА «Нятканы свет»— маладое прадпрыемства, а згодна з прынятым мараторыям на праверкі мы не маглі трапіць туды з інспекцыяй без важкіх на тое прычын. У выніку захаванне тэхнікі бяспекі было пушчана на «самацёк», што і прывяло да трагедыі.
— Што зараз адбываецца на прадпрыемстве?
— Папярэдняе расследаванне абставін здарэння праводзіць спецыяльная камісія Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, а таксама Следчы камітэт. Зараз вядзецца маніторынг за сітуацыяй, але працуюць ужо і рабочыя, якія наводзяць парадак. Сёння таксама на базе гэтага прадпрыемства прайшло пасяджэнне камісіі райвыканкама па надзвычайных сітуацыях з удзелам усіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *