Понедельник, 23 мая 2022

Галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Андрэй Пачынчык пра сітуацыю з захваральнасцю на COVID-19: «Паліклініка будзе працаваць у суботу і нядзелю, каб дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу»

815

Пра сітуацыю з захаральнасцю на COVID-19 у Пружанскім раёне, новыя правілы атрымання бальнічных лісткоў і іншыя актуальныя пытанні мы пагутарылі з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Андрэем Пачынчыкам.

— Андрэй Іванавіч, што можна сказаць аб развіцці захворвання сярод жыхароў раёна на сённяшні дзень? Што пераважае: новы штам «амікрон» ці ўсё ж сезонныя захворванні?
— Як і па ўсёй краіне, у нашым раёне прыкладна з апошніх чацвярга-пятніцы студзеня назіраецца прырост менавіта кавідных пацыентаў. Калі тыдні два таму можна было сказаць, што нашы ўрачы сутыкаліся са спалучэннем каранавіруснай інфекцыі і сезонных прастудных захворванняў, то зараз «амікрон» выцясняе ўсё астатняе. Так што цяпер мы можам назіраць па большай частцы кавідных хворых.

— Хто больш уразлівы да новага штаму?
— Асноўная катэгорыя хворых — гэта дзеці і пажылыя людзі. Пры гэтым заўважу, што «амікрону» ўласцівая высокая кантагіёзнасць (ступень заразнасці), таму хварэюць цэлымі сем’ямі. «Амікрон», як і папярэднія штамы COVID-19, перадаецца паветрана-кропельным шляхам, але заразіцца ім можна значна хутчэй. У той жа час, нягледзячы на большую заразнасць, «амікрон» менш патагенны, гэта значыць, выклікае менш цяжкіх цячэнняў захворвання.

Дарэчы, пры вялікай «лятучасці» віруса як ніколі важным становіцца захаванне сацыяльнай дыстанцыі. Таксама варта абмежаваць масавыя мерапрыемствы, наведванне людных месцаў. І не забывайцеся пра маскі!

— У сувязі з такой сітуацыяй як зараз будуць працаваць медыкі?
— З-за павелічэння колькасці хворых і для прадухілення вялікіх чэргаў мы вырашылі на пэўны час змяніць графік работы паліклінікі.

У суботу, як і раней, паліклініка будзе працаваць да 15.00 гадзін. Прыём па-ранейшаму будуць весці тэрапеўты, педыятры. Але прыём у «чырвонай» зоне будзе пашыраны: урачы будуць працаваць да апошняга пацыента.

У нядзелю ў дапамогу ўрачу-тэрапеўту, які дзяжурыць кругласутачна ў прыёмным пакоі, у першай палове дня будуць накіраваны тэрапеўт, педыятр і дапаможны персанал: рэгістратар і медсёстры. Яны будуць працаваць з 9.00 да 12.00 гадзін. Але, зразумела, і ў выхадны дзень у залежнасці ад сітуацыі ўрачы пры неабходнасці будуць весці прыём хворых з высокай тэмпературай столькі, колькі патрэбна.

— Андрэй Іванавіч, чытачы газеты цікавяцца новымі правіламі выдачы бальнічных.
— У сувязі з тым, што ў апошнія дні ў пацыентаў пры розных формах клінічных праяў (нават бессімптомнай або амаль бессімптомнай) у аналізах выяўляецца каранавірусная інфекцыя, то, каб не марнаваць час дарма, часова дазволена ставіць дыягназ COVID-19 на падставе толькі клінічнага агляду. Ні ПЛР, ні экспрэс-тэст на антыген, ні аналіз на антыцелы на дадзены момант для ўдакладнення дыягназу не патрабуюцца. Бальнічны ліст выдаецца пры наяўнасці павышанай тэмпературы.

Гэта часовае распараджэнне на перыяд, калі назіраецца ўсплёск колькасці хворых. Спадзяёмся, што хваля спадзе і мы вернемся да ўжо напрацаванага алгарытму.

Канечне, у шэрагу выпадкаў аналізы робяцца. Напрыклад, яны бяруцца, калі хвораму неабходна шпіталізацыя. Таксама лабараторнае пацвярджэнне неабходна для страхавой кампаніі, калі чалавек застрахаваны.

Гутарыла Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік