Понедельник, 23 мая 2022

Прадстаўнікі дэлегацыі раёна на Пасланні Прэзідэнта падзяліліся сваімі меркаваннямі і ўражаннямі

885

Члены дэлегацыі Пружанскага раёна, якія прынялі ўдзел у Пасланні Прэзідэнта да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, падзяліліся меркаваннямі пра маштабнае мерапрыемства.

Вольга Грышкевіч, старшыня Мокраўскага сельвыканкама:

— Адчуваю вялікі гонар за нашу краіну, якой кіруе такая асоба, як наш Прэзідэнт — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Чалавек, які клапоціцца пра дабрабыт кожнага беларуса. Мяне зацікавілі ў Пасланні перспектывы развіцця сельскай мясцовасці, каб моладзь там заставалася жыць і працаваць. І я гатова адразу адказаць на тыя тры пытанні, якія задаў нам лідар падчас Паслання. Мае адказы толькі станоўчыя: “Так!”

Пётр Білецкі, дырэктар ААТ «Мурава»:

— Уражанні пасля паездкі ў мяне засталіся выключна станоўчыя. Гатовы ва ўсім падтрымаць нашага Кіраўніка дзяржавы. У Пасланні былі закрануты ўсе бакі нашага жыцця. Мяне, як аграрыя, асабіста хвалююць пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу краіны, яго мадэрнізацыі, перспектыў, выкарыстання высокаэфектыўнай тэхнікі і перадавых тэхналогій.

Мікалай Жогал, дырэктар ААТ «Пружанскі льнозавод»:

— Пасланне атрымалася канструктыўным, мудрым, з устаноўкай на будучыню. Нам зараз трэба актыўна ўключыцца ў работу, каб рэалізаваць усе задачы, а яны даволі няпростыя, але перспектыўныя. Імпануе тое, што наша дзяржава плануе і надалей захаваць сацыяльную арыентаванасць, а гэта значыць, клопат пра простага чалавека, яго дабрабыт абавязкова застанецца на першым плане. Развіццё прамысловасці з перадавымі тэхналогіямі – гэта таксама важна. Наша прадукцыя павінна і надалей заваёўваць замежныя рынкі, а гэта значыць, нам трэба клапаціцца пра яе якасць.

Іван Сачэўка, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі:

— Нямала месца ў Пасланні надавалася выхаванню маладога пакалення праз захаванне гістарычнай памяці, умацаванне ролі сям’і, шлюбу паміж мужчынай і жанчынай. А гэта значыць, што замежныя сумнеўныя каштоўнасці не прыжывуцца ў нашай краіне. Наогул, Пасланне Прэзідэнта было цікавым і змястоўным. Ды і сама атмасфера залы садзейнічала патрыятычнаму настрою.

Меркаваннямі цікавіўся Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара і з архіву рэдакцыі