Понедельник, 23 мая 2022

Актывісты Хараўскога сельсавета выказалі меркаванне пра маючы адбыцца рэферэндум

490

Мы паразмаўлялі з актывістамі Хараўскога сельсавета пра знакавую падзею — рэферэндум, які адбудзецца 27 лютага.

Аляксандр Юзэфовіч, стараста аграгарадка Харава:

— На рэферендуме нам трэба аддаць свае галасы “за” ці “супраць” новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Здаецца, навошта нешта мяняць? Але больш за чвэрць стагоддзя прайшло з таго часу, калі была прынята Канстытуцыя 1994 года. За гэты перыяд адбылося мноства змен як у свеце, так і ў нашай краіне. Выраслі і пасталелі пакаленні людзей, якія не ведаюць, што значыць жыць у беднасці, пры размеркавальнай сістэме. А колькі яшчэ трэба зрабіць! Нам неабходна працягваць эвалюцыйнае развіццё кожнага рэгіёна, кожнага прадпрыемства, а значыць, дзяржавы ў цэлым, шанаваць гістарычнае мінулае, каб не было спроб яго перапісаць, умацоўваць ролю сям’і… Тое, што прапаноўвае новая рэдакцыя Асноўнага Закона, адпавядае рэаліям часу.

Таццяна Харытановіч, загадчыца Навасёлкаўскага СДК:

— Мы павінны будзем прыняць лёсавызначальнае рашэнне: ці будзем жыць па старой Канстытуцыі, альбо аддадзім свае галасы за новы яе варыянт. Я дасканала азнаёмілася з усімі папраўкамі, што прапануецца ўнесці ў Асноўны Закон краіны. Лічу, што яны дакладна пацвярджаюць усе імкненні беларускага народа.

Алена Мукасей, загадчыца Хараўскога сельскага Дома культуры:

— Азнаямляльную работу па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны правялі супрацоўнікі райвыканкама. Разабралі мы з імі ўсё новае, што прапануе гэтая рэдакцыя Асноўнага Закона. Абавязкова пайду на рэферэндум, які адбудзецца 27 лютага. Мы жывём у Беларусі і абавязкова павінны удзельнічаць у такога кшталту ўсенародных волевыяўленнях. Я аддам свой голас за квітнеючую краіну.

Міхал Сцепанчук, стараста аграгарадка Калядзічы:

— На рэферендум, які пройдзе 27 лютага, пайду абавязкова. Са змяненнямі і дапаўненнямі, якія вынесены на народнае абмеркаванне, пазнаёміся ў газеце “Раённыя будні”, дасканала ва ўсім разабраўся. Усё прапанаванае лічу вельмі актуальным. Гэта сапраўды Кастытуцыя для народа.

Зоя Грыцук, стараста вёскі Вашчынічы:

— 27 лютага пройдзе рэферендум, на якім нам трэба будзе прагаласаваць за будучыню нашай краіны. З папраўкамі і змяненнямі нас, людзей сталага ўзросту, знаёміла на нядаўнім сходзе старшыня Хараўскога сельвыканкама Алёна Пстыга. Жыхары нашай невялічкай вёсачкі падтрымліваюць гэтыя папраўкі. Яны, можна сказаць, прадыктаваны часам.

Меркаваннямі цікавіўся Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік