Воскресенье, 22 мая 2022

Будзьце ўважлівыя на лёдзе! Што паказаў наш рэйд па гарадскім вадасховішчы?

492

З утварэннем на вадаёмах устойлівага лядовага пакрыцця і з’яўленнем рыбакоў на ім узнікае ўражанне, што аматараў падлёднай рыбалкі ў нашым раёне не менш за грыбнікоў. Толькі на гарадской сажалцы штодня свідруюць лункі дзясяткі чалавек, па-за ўвагай зімовых рыбакоў не застаюцца і іншыя вадаёмы як Пружан, так і наваколля.

— Як толькі лёд набывае неабходную таўшчыню, то няма ніякіх перашкод для аматараў такога актыўнага адпачынку, — зазначае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук. — Але варта паклапаціцца і пра меры ўласнай бяспекі.

Нават тоўсты лёд можа быць каварным. Падводныя крыніцы і цячэнні, рэгулярныя тэмпературныя перапады — усё гэта можа прывесці да ўтварэння лакальных пастак, якія да таго ж могуць быць схаваны пад снегам. Апошняе пацвярджае сумная статыстыка: у рэспубліцы леташняй зімой патанула 22 рыбакі.

Днямі мы разам са старшынёй ТВВАД і работнікам МНС Максімам Талмачэўцам выйшлі на лёд, каб пагаварыць з прыхільнікамі падлёднай рыбалкі. Варта сказаць, што практычна ўсе ведалі пра тую небяспеку, што «хаваецца пад лёдам», некаторыя былі сведкамі надзвычайных здарэнняў, камусьці «пашанцавала» літаральна адчуць на сабе абдымкі халоднай вады. Вось толькі ніхто з апытаных нават не задумаўся ўзяць з сабой выратавальныя прылады. Згодна з правіламі паводзін на вадзе і лёдзе, зімовым рыбакам рэкамендуецца мець пры сабе выратавальную камізэльку, лінь-вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам — на адваротным. Таксама няшмат месца зоймуць і дзве адвёрткі або шылы, з дапамогай якіх лягчэй выбрацца на лёд з палонкі. На жаль, гэта толькі рэкамендацыі, таму практычна ўсе іх ігнаруюць. Напэўна, было б больш правільна забараніць выхад на лёд без наяўнасці якіх-небудзь жыццёва неабходных прыстасаванняў. Як зазначае Юрый Амельянчук, усе такія прылады ёсць на выратавальнай станцыі гарадскога вадасховішча, але ж зараз там няма дзяжурных матросаў. І ў надзвычайнай сітуацыі, калі адлік ідзе на мінуты, паспець імі скарыстацца нерэальна. Па словах Максіма Талмачэўца, у райаддзеле створана група хуткага рэагавання на падобныя здарэнні, устаноўлены час выезду на трывожнае паведамленне. Пераважная большасць яго прыходзіцца на тую адлегласць, якую павінна праехаць машына да месца здарэння. Але ж у ледзяной вадзе пры тэмпературы плюс 2-3°С чалавек можа загінуць праз 10-15 мінут, а пры мінус 2°С смерць наступіць праз 5-8 мінут. Відавочна, што практычна ўсё залежыць ад аператыўнасці дапамогі. Таму і патрэбны сродкі першаснага выратавання. А яшчэ эксперты раяць не выходзіць на падлёдную рыбалку аднаму, а збірацца кампаніяй або выбіраць месца непадалёк ад іншых рыбакоў, каб тыя маглі пачуць заклікі аб дапамозе.

На вадасховішчы ў той дзень з аматарамі зімовай рыбалкі правялі прафілактычныя гутаркі, патлумачылі правілы паводзін на лёдзе, раздалі тэматычную літаратуру і лістоўкі-папярэджанні. А яшчэ нагадалі, што ніякі памер улову не можа параўнацца з каштоўнасцю чалавечага жыцця.

Між тым, рыбакі на лёдзе — не адзіная праблема зімовага сезона. Трывожыць і тое, што натуральны каток прыцягвае дзятву. Мяркуючы па слядах, пакрытае лёдам гарадское возера — любімае месца для гульняў малалетніх. Недзе раскатаны ледзяныя коўзанкі, у дзясятку метраў ад берага на снезе бачны малюнкі, а літаральна на сярэдзіне сажалкі — сляды ад канькоў. Падобныя гульні, як пацвярджае трагічны выпадак з гібеллю двух дзяцей, што нядаўна здарыўся у Полацкім раёне, небяспечныя. Задача бацькоў пракантраляваць, дзе і як бавяць вольны час іх сыны і дочкі, нагадаць пра небяспеку, якая тоіцца на зімовых вадаёмах.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік