Воскресенье, 22 мая 2022

У Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту ў Пружанах прайшоў памятны мітынг

849

З нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту 27 студзеня ў Пружанах прайшоў мітынг каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэям. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады і грамадскасці, валанцёры БРСМ і жыхары горада.

Адкрыў мітынг начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік.

Ён зазначыў, што гэтую жалобную дату, устаноўленую ААН, памятаюць і адзначаюць ва ўсім свеце.

— Халакост — гэта сусветная трагедыя, але для нас яна — найбольш балючая, бо тыя жудасныя зверствы адбываліся ў нашым горадзе, райцэнтры, літаральна ўсюды на акупаванай беларускай зямлі,— паведаміў Аляксандр Момлік. — Самім святым абавязкам памятаць пра тыя падзеі было наканавана ўстанавіць падобны знак у горадзе. Фашысты забівалі людзей, якія стагоддзямі жылі побач з беларусамі, з якімі былі добрымі суседзямі, сябрамі, нярэдка радніліся.

Як паказвае сучасная гісторыя і тыя падзеі, што адбываюцца ў нашым грамадстве, нельга забывацца пра генацыд людзей «неарыйскай расы» нават праз 100, 200 і больш гадоў. Падобныя зверствы становяцца непасрэдным вынікам падзелу на «сваіх» і «чужых», таго расколу, што штучна насаджаецца ў народзе. Такія спробы заўсёды суправаджаюцца імкненнем перапісаць гісторыю, выкрасліць з яе моманты сумесных перажыванняў, барацьбы і аднаўлення. Каб змагацца з гэтым, мы павінны аб’яднацца ў імкненні памятаць. І не дапускаць паўтарэння.

Нагадаем, што з нагоды яшчэ больш дасканала даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа, у рамках якой вядзецца расследаванне злачынстваў гітлераўскіх захопнікаў. У следчую камісію ўваходзіць пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, які ў сваёй прамове падчас мітынгу расказаў аб ужо сабранай інфармацыі і зафіксаваных доказах генацыду жыхароў Беларусі у час акупацыі.

Мінута маўчання і чырвоныя гваздзікі на гранітнай пліце, нібыта кроплі крыві на камені. Кроплі памяці, ігнараваць якую недаравальна.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік