Воскресенье, 22 мая 2022

Узнагарода за самую пачэсную працу. Жыхарка Аранчыц Таццяна Пацапня летась атрымала ордэн Маці

922

Калі шчасце — у дзецях, то сям’ю Таццяны Міхайлаўны і Віталія Уладзіміравіча Пацапнёў з в. Аранчыцы можна назваць шчаслівай у пяцікратным памеры, бо тут выхоўваецца тры дачушкі і два сынкі.

Вось гэта, па-мойму, сапраўднае шчасце! Тым больш, што выхоўваюцца дзеткі ў атмасферы павагі і разумення. Гэта было бачна, калі карэспандэнты наведалі сям’ю і ўпэўніліся, што вялікая колькасць дзяцей – не праблема, а наадварот, недзе дар з неба. І паклон за гэта бацькам, бо ў наш час не кожны адважыцца на такі крок. Але аб усім па парадку.

Вялікая сям‘я ў поўным зборы.

Мама Таццяна цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а тата Віталій працуе ў Пружанскім лясгасе майстрам дрэваапрацоўчага цэха. Зразумела, што асноўныя бытавыя клопаты кладуцца на плечы мамы, але тата не застаецца ўбаку, бо ён жа «галава» і павінен адказваць за дабрабыт сям’і. І як прыемна было бачыць, як самы меншы і, мусіць, на дадзены момант самы сур’ёзны сынок Кірыл туліўся да таты, бо адчуваў у ім абарону і пяшчоту.

Усё, здавалася б, у Пацапнёў добра, але ж складанымі былі жыццёвыя шляхі. Першы муж Таццяны Міхайлаўны трагічна загінуў, яна засталася з двума дзеткамі. Яўген цяпер з’яўляецца студэнтам Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Калі выдаецца магчымасць, абавязкова прыязджае дадому, бо ведае, што ў вялікай сям’і дапамога лішняй не бывае. Ганна вучыцца ў 11 класе Ліноўскай школы. Зразумела, што дзяўчынка з’яўляецца незаменнай памочніцай матулі. Дарэчы, брат з сястрой паспяхова скончылі Ліноўскую музычную школу.

Але жыццё не стаіць на месцы. Надзейнай апорай сям‘і праз некаторы час стаў Віталій Уладзіміравіч. На свет з’явілася Марыйка, якая цяпер вучыцца ў першым класе Ліноўскай СШ, вельмі любіць спяваць і маляваць, стараецца ўжо цяпер быць патрэбнай матулі. Літаральна праз год сям’я папоўнілася Вікторыяй, а за ёй нарадзіўся доўгачаканы сынок Кірыл.

Зразумела, што для такой вялікай сям’і месца ніколі не бывае многа. Таму Пацапні вырашылі ўзяць крэдыт на рэканструкцыю дома. І не прагадалі: павялічылі плошчу, што дадало камфорту ўсім членам сям’і.

Таццяна Міхайлаўна Пацапня.

І яшчэ адзін момант, пра які немагчыма не сказаць. У мінулым годзе Таццяна Міхайлаўна была ўзнагароджана ордэнам Маці, як сапраўды заслужыла сваёй цяжкай і ў той жа час пачэснай працай.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік