Понедельник, 23 мая 2022

Работнікі «Аграэнерга Зеляневічы» далучыліся да акцыі «Добрае сэрца» і сабралі падарункі для малазабяспечаных прыхаджан царквы ў Зельзіне

637

Рабіць добрыя справы можна і трэба заўсёды, а навагодні перыяд ідэальна падыходзіць для гэтага. Так лічаць работнікі філіяла «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга». Менавіта таму дружны калектыў арганізацыі далучыўся да акцыі «Добрае сэрца».

Старт збору падарункаў для дзетак, адзінокіх грамадзян і ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе, быў дадзены ў сярэдзіне снежня па ініцыятыве аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Брэстэнерга». Як расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла Людміла Ярашэвіч, ініцыятыва выклікала непадробную цікавасць у работнікаў. За месяц яны сабралі дастаткова цукерак, прыносілі таксама адзенне і канцылярскія прылады.

У мінулую нядзелю, 23 студзеня, прадстаўнікі прафсаюзнай арганізацыі на чале з дырэктарам філіяла Іванам Ярашэвічам завіталі ў Свята-Крыжаўзвіжанскую царкву, што ў в. Зельзін. Пасля агульнай малітвы сабраныя падарункі былі перададзены настаяцелю храма айцу Сергію Худзяеву. У бліжэйшы час святар уручыць іх малазабяспечаным прыхаджанам.

Уладзіслаў Шпарла. Фота прадастаўлена Людмілай Ярашэвіч