Понедельник, 20 мая 2024

Новыя факты пра спаленыя вёскі ў Пружанскім раёне

904

Сумнай датай для пружанскай гісторыі з’яўляецца 22 студзеня. Менавіта ў гэты дзень у 1944 г. была спалена вёска Байкі каля Ружан. У полымі згарэла 120 двароў, былі знішчаны жыхары. Колькасць загінулых у Байках дагэтуль да канца не высветлена. Паводле розных крыніц, называюцца лічбы ад 957 да 1111 чалавек.

Гэта толькі адзін са шматлікіх страшных фактаў распраў над мірным насельніцтвам Пружаншчыны ў перыяд нямецкай акупацыі 1941—1944 гадах. А іх быў не адзін дзясятак.

Спалены хутар Ясянец (Хараўскі сельсавет) – радзіма перакладчыка і мовазнаўцы Васіля Сёмухі.

Сёння своеасаблівым напамінам аб горычы і стратах нашай зямлі з’яўляецца помнік спаленым вёскам у г.Пружаны, які быў створаны ў 2005 годзе за сродкі мясцовых жыхароў і арганізацый, землякоў і грамадскіх аб’яднанняў. На мемарыяле ўзгадана 58 спаленых вёсак, сем з якіх не аднавілася. Згодна з архіўнымі данымі, такіх вёсак было 57, у тым ліку шэсць – не адроджаны. Доўгі час менавіта гэта лічба з’яўлялася афіцыйнай і была адной з самых вялікіх сярод іншых раёнаў рэспублікі.

Пасля таго, як у мінулым годзе Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, былі выяўлены новыя звесткі аб злачынствах фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку аб спальванні населеных пунктаў.

У выніку сумеснай работы, якая на працягу некалькіх месяцаў праводзілася пракурорам Пружанскага раёна саветнікам юстыцыі Аляксандрам Вярбіцкім, начальнікам Пружанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз падпалкоўнікам юстыцыі Генадзем Пракаповічам, галоўным спецыялістам аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Наталляй Пракаповіч, стала відавочна, што страты на нашай зямлі былі значна большымі, чым лічылася раней. За гэты час адбыліся выезды на месцы мяркуемых спаленых вёсак і іх фотафіксацыя, былі ўстаноўлены геаграфічныя каардынаты аб’ектаў, складзены карты, дапрошаны сведкі, знойдзены дакументы, у тым ліку атрыманы архіўныя крыніцы, прааналізаваны публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і друкаваных выданнях.

Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прынялі старшыні сельвыканкамаў. Да яе далучыліся кіраўнікі сельгасарганізацый, работнікі лясніцтваў, мясцовыя жыхары, краязнаўцы, карэспандэнты газеты “Раённыя будні”.

Старшыня Сухопальскага сельвыканкама Міхаіл Мартынаў паказвае месца былога хутара Папялёва.

Такім чынам, на сённяшні дзень удалося ўстанавіць, што на тэрыторыі сучаснага Пружанскага раёна ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты спалілі 134 населеныя пункты, 43 з якіх зніклі назаўсёды. Найбольшая іх колькасць — у перыяд лета-зімы 1941 года падчас карных аперацый фашыстаў, накіраваных на знішчэнне лясных населеных пунктаў і прымусовае высяленне іх жыхароў з мэтай недапушчэння дапамогі чырвонаармейцам-акружэнцам і разгортвання партызанскага руху. За час вайны найбольш пацярпелі населеныя пункты на тэрыторыях цяперашняга Сухопальскага сельсавета – спалена 39 (не адноўлена – 10), Мокраўскага – 28 (9), Шчарчоўскага – 17 (2), Ружанскага – 13 (1), Шарашэўскага – 9 (4), Шаняўскога – 8 (2).

P.S. Работа па выкрыцці фактаў генацыду насельніцтва Беларусі працягваецца, кропку ў ёй пакуль ставіць рана. Калі вы, паважаныя чытачы, валодаеце звесткамі па ўзгаданых тэмах, просім паведаміць пра гэта па тэлефоне: 3-41-22 (панядзелак – пятніца, 8.00-13.00, 14.00-17.00 гадзін).

Наталля Пракаповіч, фота аўтара