Воскресенье, 22 мая 2022

У жыхароў Шарашэва ёсць магчымасць зрабіць прышчэпку ад кавіду ў гарпасялковай бальніцы

1 044

У Шарашоўскай гарпасялковай бальніцы, як і ва ўсіх установах аховы здароўя раёна, дзейнічае працэдурны кабінет, дзе прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі можа зрабіць кожны жадаючы. Выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці “Спадарожнік-V” і кітайская “Vero Cell”.

Вакцынавацца можна з панядзелка па пятніцу — з 8.00 да 16.00 (перапынак – з 13.00 да 14.00), а таксама ў суботу – з 9.00 да 13.00 гадзін. Медыцынская картка не патрабуецца.

У парадку жывой чаргі прыём пацыентаў вядуць урач і яго памочнік, яны мераюць тэмпературу, ціск і падрабязна распытваюць пра самаадчуванне.

— І толькі пераканаўшыся ў тым, што чалавек здаровы, даём дазвол на вакцынацыю, — патлумачыла журналістам медсястра агульнай практыкі Наталля Дульчэўская.

Менавіта яна падчас нашага візіту рабіла працэдуру чарговаму пацыенту Віктару Бойку (на здымку), а пасля яе рэкамендавала мужчыне пабыць з паўгадзіны у бальніцы, на выпадак ўзнікнення алергічных рэакцый.

З пэўнай перыядычнасцю медыкі шарашоўскай бальніцы выязджаюць і на ФАПы, каб правесці вакцынацыю жыхароў сельсавета, праводзяць адпаведныя лекцыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Падчас іх тлумачаць неабходнасць прафілактыкі і рызыку, якую нясе з сабой каранавірусная інфекцыя.

Алена Зялевіч. Фота Кацярыны Масік