Понедельник, 23 мая 2022

Да Дня пажарнай службы. Маладыя начальнікі каравула ПАВЧ №1 Ігар Цімашэвіч і Павел Прасняк расказалі пра спецыфіку работы выратавальніка

1 470

Штогод маладое папаўненне прыходзіць на службу ў Пружанскі аддзел па надзвычайных сітуацыях. Сярод іх — начальнікі каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ігар Цімашэвіч і Павел Прасняк (на здымку).

Абодва пацвярджаюць, што перад тым, як пайсці па такім жыццёвым шляху, неабходна сур’ёзна падумаць.

— Ні ў якім разе нельга выбіраць прафесію выратавальніка дзеля якіх-небудзь пераваг — высокай зарплаты або дадатковых ільгот, — у адзін голас зазначаюць маладыя пажарныя. — Сам працэс навучання, а таксама далейшая служба прымушаюць адмаўляцца ад ўсяго «прыземленага». І асаблівая ўвага дзяржавы накіроўвае на гэта, каб мы маглі поўнасцю аддаць сябе ахове спакою грамадзян, абараняць іх ад бяды, нават ахвяруючы сабой.

Упершыню пра магчымасць стаць выратавальнікамі хлопцы задумаліся яшчэ за школьнай партай, калі на сустрэчу са старшакласнікамі прыходзілі работнікі МНС. Час толькі пацвердзіў правільнасць выбару.

Ігар Цімашэвіч пачаў службу ў 2020 годзе, за мінулыя паўтара года прымаў удзел у значнай колькасці выездаў. Давялося яму быць сведкам і трагічных здарэнняў.

— Змена можа цягнуцца спакойна, але сітуацыя рэзка мяняецца пасля любога тэлефоннага званка. Калектыў ператвараецца нібыта ў спружыну, каб за секунды пачаць дзейнічаць.

Павел Прасняк заступіў на пасаду начальніка каравула сёлета. Ён яшчэ набіраецца вопыту, успаміны пра навучанне ва ўніверсітэце дастаткова свежыя.

— Калі вы сябруеце са спортам, але па іншых дысцыплінах маеце толькі «здавальняючы» ўзровень, то і не думайце паступаць ва УГА. Але ж і розум — нішто без спартыўнай падрыхтоўкі, — зазначае ён.

Падчас вучобы Павел неаднаразова прымаў удзел у інтэлектуальных алімпіядах, займаў прызавыя месцы. Спецыялізаваную ВНУ скончыў з дыпломам з адзнакай. Але за навукамі будучы выратавальнік не забываўся і пра спартыўную падрыхтоўку, удзельнічаў у розных спартакіядах і ўніверсіядах.

Ігар таксама прывёз з месца вучобы не адзін асабісты дыплом пераможцы спартыўных конкурсаў.

— Ёсць яшчэ адна перавага ў навучанні ў такой ВНУ, — дзеліцца ён. — На факультэце, дзе няма гендарных пераваг пры паступленні, вядзецца ўніверсальная падрыхтоўка, дзякуючы чаму можна стаць не толькі пажарным, але і добрым цывільным спецыялістам.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік