Понедельник, 23 мая 2022

Дэпутат Аляксандр Ляўчук сустрэўся з калектывамі малочнага камбіната і аўтапарка №11, разам з якімі абмеркаваў праект змяненняў Канстытуцыі

449

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ляўчук разам са старшынёй раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Таццянай Кашкан 12 студзеня наведаў шэраг прадпрыемстваў раёна.

На ААТ “Пружанскі малочны камбінат” на сустрэчу з народным выбраннікам сабралася даволі прадстаўнічая аўдыторыя. Удзел у размове з калектывам таксама прымаў дырэктар камбіната Аляксандр Лось.

Асноўная тэма гутаркі была надзённая – абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Над папраўкамі ў артыкулы Асноўнага Закона працавала прадстаўнічая камісія. Было выверана кожнае слова праекта. У лютым адбудзецца рэспубліканскі рэферэндум, на якім грамадзяне нашай краіны аддадуць свае галасы “за” ці “супраць” новай рэдакцыі.

Аляксандр Ляўчук працытаваў шэраг унесеных змяненняў, растлумачыў іх сутнасць і значнасць. Асабліва спыніўся на артыкуле 15, у які занатаваны такія словы: “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Ні для каго не сакрэт, што былі і застаюцца спробы перапісаць наша гістарычнае мінулае, мінімізаваць ролю беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Каб больш такой спакусы не было, гераічнае мінулае нашага народа замацавана ў Асноўным Законе.

Нямала ўвагі падчас абмеркавання праекта Аляксандр Георгіевіч удзяліў новай главе – трэцяй, дзе гаворыцца пра Усебеларускі народны сход. Яму надаецца статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Рэспублікі Беларусь, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечваючы непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Немалая роля падчас гутаркі ішла і пра ўмацаванне інстытута сям’і, дзе шлюб рэгіструецца толькі паміж мужчынай і жанчынай, і больш аніяк. Удзельнікі сустрэчы прапаноўвалі дадаць да гэтага словы: “па нараджэнні”.

Дыскутавалі суразмоўцы і аб адмене смяротнага пакарання. На маю думку, грамадства яшчэ не гатова да гэтага.

Адзначу, што цікавасць да Асноўнага Закона, асабліва яго новай рэдакцыі, у грамадстве ўзрасло ў разы. Нават той, хто ніколі не чытаў Канстытуцыю, на гэты раз дасканала ўнікае ў кожны яе радок.

Адказваючы на мае пытанні, Аляксандр Ляўчук пацвердзіў свае словы, якія гаварыў перад аўдыторыяй, што Канстытуцыя – гэта жывы арганізм, які не можа быць адным і тым жа назаўсёды. Час дыктуе новыя радкі для Асноўнага Закона.

Таксама Аляксандр Ляўчук і Таццяна Кашкан сустрэліся з калектывамі філіяла “Аўтамабільны парк №11 г.Пружаны” ААТ “Брэстаблаўтатранс”.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

На здымках: падчас сустрэчы на малочным камбінаце.