Суббота, 13 августа 2022

Пра ёлачку, Новы год і… часцінку душы

1 547

Сёлета да навагодніх святаў мы вырашылі паставіць не пластыкавую, а сапраўдную, жывую, ёлачку. І ў кватэры запахла лесам, здаецца, зусім па-іншаму зазалаціліся шары і заіскрыліся рознакаляровымі агнямі гірлянды…

А мне ўспомнілася маё дзяцінства і мая ёлачка ў нашай маленькай хатцы ў вёсцы Вашчынічы. Нават не само свята Новы год (асобна мы яго нават не адзначалі), а цэлы тыдзень, ці яшчэ больш да гэтага дня і столькі ж пасля яго.

З чаго ўсё пачыналася? Тата прыносіў з «чырвонага кутка» на ферме які-небудзь часопіс. Самыя прыгожыя каляровыя фотаздымкі з яго мы старанна выразалі і наклейвалі на кардонкі. Падвешаныя на нітачках твары лепшых даярак, трактарыстаў і нават кіраўнікоў краіны станавіліся галоўным упрыгожаннем нашай ёлкі. А яшчэ – ліхтарыкі, якія мы выразалі і склейвалі з лістоў часопіса. Абрэзкі ішлі на палоскі, з якіх спляталі ланцужкі – ёлачныя гірлянды.

Калі часопіса на ўсё не хапала, у ход ішлі старыя газеты. Хаця расходавалі мы іх эканомна, бо прачытаная газета патрэбна была і тату на самакруткі.

Кожнага вечара тады чакалі з вялікім нецярпеннем: а раптам сёння тата прынясе елачку? І вось нарэшце зялёная прыгажуня, яшчэ з крышталікамі снегу на галінках, у доме! Тата збівае з дошак крыжык- падстаўку і ставіць дрэўца на табурэтку.

Ах, якое гэта было свяшчэннадзейства – упрыгожваць ёлачку! Зверху мы вешалі цукеркі: каб хутка не паелі — і бліскучыя шкляныя цацкі, якія мама прывезла з Масквы пасля чарговага продажу часнаку.

Усе нашы вяскоўцы, ды і жыхары суседніх вёсак таксама, вырошчвалі часнок цэлымі плантацыямі, а потым гандлявалі ім на рынках, часта вазілі ў Расію. Таму і цяпер нас нярэдка называюць «часночнікамі». Асабліва добра прадавалася гэтая агародніна напачатку зімы.

Ніжнія галінкі ёлачкі ўпрыгожвалі нашы самаробныя «цукеркі»: у фанцікі, якія ў той час, напэўна, збіралі ўсе дзеці, мы заварочвалі скамечаную паперу. Прысыпаліся галінкі дробна нарэзанай паперай і камячкамі ваты – гэта была імітацыя снегу. А сваімі ланцужкамі мы абвівалі ўсю ёлачку. Развешвалі іх яшчэ і на столі, і паверх аконных фіранак. Здавалася, што прыгажэй нічога не можа быць!..

Ледзь паспявалі мы прыбраць ёлачку, як пачыналіся «канцэрты». У нашай хаце збіралася ўся дзятва. Наперабой адзін перад адным чыталі вершы, танцавалі пад «ла-ла-ла» «Лявоніху», гулялі ў «Ручаёк»… Мама адчыняла насцеж дзверы ў пярэдні пакой, які станавіўся «сцэнай», а на кухні расстаўляла лаўкі для гледачоў — суседак, якія прыходзілі «на канцэрт». Тэлевізараў у нашай вёсцы яшчэ не было…

Калі мы крыху падраслі, канцэрты перанесліся ў калгасны клуб. На нашы песні, вершы, танцы (таксама пад «ла-ла-ла» — вось бяда, у нас не было музыканта) сыходзілася ўся вёска – без ніякай рэкламы! Больш таго, колькі разоў мы на санях, запрэжаных канём, ездзілі выступаць у суседнія Ражковічы. І там збіраліся цэлыя аншлагі: гледачы запаўнялі нават падаконнікі ў клубе і праходы паміж лаўкамі. А Люба Мязга – наш галоўны дэкламатар – ціхенька прасіла ў мяне за кулісамі: «Давай сёння я буду гаварыць «тры-чатыры», калі аб’явяць танец». «Давай!» — згаджалася я.

Мы апраналіся ў свае самыя прыгожыя квяцістыя сукенкі. На галаве ў кожнай красаваліся вяночкі з атласнымі стужкамі. А калі мама спецыяльна да Новага года пашыла мне беленькую сукенку з марлі і, як след, яе накрухмаліла, мне здавалася, што я — самая прыгожая, сапраўдная Снягурачка!

Гляджу цяпер на сваіх унучак. Як усё ў іх ярка, прыгожа! І ёлачка ўся гарыць-іскрыцца, і вопраткі – не нашы марлевыя і сукенкі, і тэлевізар на ўсю сцяну спявае… Толькі (а можа, гэта мне ўсё-такі здаецца?) нечага, самага галоўнага, усё-такі не хапае. Многае мы знайшлі за гэтыя 50-60 гадоў, а многае і страцілі…

Ганна Хадаровіч