Понедельник, 17 января 2022

COVID-19 з першых вуснаў. Аляксандр Дубейка: «Пасля рэанімацыі становішся іншым…»

559

Людзі, якія перанеслі хваробу ў цяжкай форме, працягваюць дзяліцца з чытачамі «раёнкі» сваімі ўражаннямі.

«На кавід я перахварэў яшчэ ў кастрычніку 2020 года. Усё пачыналася як звычайная прастуда. Пайшоў у паліклініку, доктар агледзеў, паслухаў, прызначыў лячэнне.

Праз тры дні, падчас другога агляду, урач занепакоілася, калі праслухала лёгкія, і адправіла на здымак. Вынік быў несуцяшальны: двухбаковая пнеўманія. Мяне паклалі ў бальніцу.

Стан вельмі хутка пагаршаўся, я пачаў задыхацца. Экстранна перавялі ў рэанімацыю, дзе пад наглядам сапраўдных прафесіяналаў я прабыў паўтара тыдні. Кісларод падавалі ў такой колькасці, што ён пенай застываў у мяне на вуснах. Калі стала зусім дрэнна, да ложка падвезлі апарат ШВЛ, але, дзякуй Богу, мне ён так і не спатрэбіўся: стан пачаў стабілізавацца. Павольна, але ўпэўнена я прыходзіў у сябе.

«Не ўсё адразу», – паўтаралі ўрачы. Мяне перавялі ў іншую палату рэанімацыі, дзе было менш апаратуры з правадамі і трубкамі – і маральна стала лягчэй.

Далечваўся ў 3-м інфекцыйным шпіталі, пад які было перапрафілявана траўматалагічнае аддзяленне. Там пачаў нанова вучыцца хадзіць. Чатырнаццаць крокаў (роўна столькі мяне аддзяляла, прабачце, ад туалета) пераўтварыліся ў пакуту. Але я ўвесь час імкнуўся размінаць мышцы, каб хутчэй прывесці сябе ў форму, хоць візуальна яна, вядома, была страчана: за месяц лячэння я схуднеў на 25 кілаграмаў.

Пасля закрыцця бальнічнага вымушаны быў узяць водпуск без аплаты. І цэлымі днямі стараўся хадзіць па перыметры кватэры. Прайду пяць кругоў — і ў ложак, адпачываць.

Прайшоў год, надышоў час прышчапіцца, ды ўсё ніяк не атрымліваецца. Паехалі з жонкай у медыцынскі цэнтр «ЛАДЭ» здаць аналіз на антыцелы. І што вы думаеце? Вынік паказаў, што я альбо толькі-толькі зноў перахварэў, альбо хварэю бессімптомна. Адправілі на каранцін. Потым то дзіця хварэла, то самі зноў прастудзіліся…

Зараз далечымся і абавязкова прышчэпімся, таму што зноў перажыць тое, што перажыў год таму, ужо не змагу. І ворагу не пажадаю такога.

Але ў любой сітуацыі варта знаходзіць свае «плюсы». Знайшоў іх і я: падчас лячэння адбылася ў маёй душы вялікая пераацэнка каштоўнасцей. Ты больш не думаеш пра тое, які ў цябе тэлефон, машына, якая зарплата. Ты проста ляжыш пад маскай, глядзіш на паказчык сатурацыі на маніторы і чакаеш, калі ён падымецца.

Чакаюць і твае суседзі па палаце, якіх, як і цябе, у любы момант можа не стаць… Выкараскваешся літаральна з таго свету — і мірскія выгоды цалкам перастаюць хваляваць. Ты ўжо іншы. І ранейшым ніколі не будзеш».

Аляксандр Дубейка, інжынер УП «Белтэхагляд».

Фота Кацярыны Масік