Среда, 10 августа 2022

Сёння свой юбілей адзначае «чалавек-песня» Святлана Кот

1 743

Сёння, 14 студзеня, свой ганаровы юбілей адзначае педагог з 50-гадовым стажам, музыкант і проста вельмі добры чалавек Святлана Уладзіміраўна Кот. «Чалавекам-сонейкам» з любоўю называюць яе сябры. «Чалавек-гармонія» — захапляюцца жанчынай калегі. «Чалавек-песня» — так называе сябе яна сама.

Святлана Кот з маленькімі выхаванцамі

— Таму што ўсё маё жыццё звязана з песняй і з кветачкамі-дзецьмі, — з прамяністай усмешкай гаворыць жанчына, з якой мы сустрэліся на працоўным месцы — на музычным занятку ў Шаняўскім дзіцячым садку.

Святлана Уладзіміраўна, акружаная маленькімі выхаванцамі, выпраменьвала такую непадробную энергетыку і пазітыў, што з парога стала зразумела: яна — на сваім месцы.

— З ранняга дзяцінства, колькі сябе памятаю, дзе б ні была: дома, на вуліцы, у школе, у полі — заўсёды спявала. Можа, таму, што асяроддзе спрыяла, у маіх бацькоў і родных цётак былі выдатныя галасы. Ведаеце, жыццё было цяжэйшым, чым цяпер, але народная песня не змаўкала. Я навучылася іграць на баяне і пасля заканчэння Папялёўскай васьмігодкі самастойна падрыхтавалася да паступлення ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча. І паступіла, – расказвае педагог.

Пасля заканчэння музычнай установы ў 1971 годзе вярнулася ў роднае Папялёва, выйшла замуж. Магчыма, так і засталася б жыць у любімай пушчанскай вёсцы, але лёс распарадзіўся інакш. Святлана Кот была запрошана на працу ў СШ №1 г.Пружаны, дзе шчыравала да 1992 года.

— Затым перавялася ў СШ №3 – менавіта там і затрымалася да самай пенсіі, і нават крыху больш. Пазней мне пашчасціла займацца з дзецьмі ў СШ №4 і ў дзіцячым садку №1 г.Пружаны. Нягледзячы на ўзрост, знаходжу сабе прымяненне і сёння. Спяваю з дзеткамі і танцую, — усміхаецца жанчына і тут жа, нібы ў такт парывам душы, іграе на баяне гарэзную мелодыю.

У сваёй педагагічнай дзейнасці Святлане Кот давялося працаваць з дзецьмі рознага ўзросту. Але, па яе ўласным прызнанні, галоўная задача была адна і тая ж — пабудаваць музычны масток да душы дзіцяці, дапамагчы яго маральнаму станаўленню.

— Для мяне заўсёды было важна не тое, кім стане дзіця, а якім яно стане… Мае выхаванцы, дзякуючы, не ў апошнюю чаргу, музычным “вітамінам”, вырасталі добрымі людзьмі. Я з вялікай падзякай заўсёды ўспамінаю пра свае выдатныя дзіцячыя калектывы: хоры вучняў малодшых і старэйшых класаў, хоры хлопчыкаў, ансамблі з трох- і чатырохгалосным выкананнем. Многія мае салісты выдатна спявалі акапэльна, без музычнага суправаджэння, — настальгуе педагог.
Паказальна, што яе выхаванцы паспяхова абаранялі гонар раёна на музычных аглядах-конкурсах абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўню.

— Шмат і доўга можна расказваць пра працу, лёс, у якім насамрэч не было лёгка і проста… Скажу коратка: я шчаслівая. Ад таго, што сёння са мной побач клапатлівы і таленавіты муж, з якім мы спявалі ў Свята-Аляксандра-Неўскім храме. Побач мае добрыя і чулыя дзеці — Ларыса і Юрый. Цешаць бабулю дарагія ўнучкі Надзея і Дыяна, уздымаюць настрой слаўныя праўнукі Андрэй і Аліса. За ўсё дзякую Богу, які падарыў мне такое прыгожае жыццё, дзе галоўным складнікам была песня. У цэлым лічу, што музыка — гэта «соль» зямлі. Ану, дзеці, распяёмся: до-мі-соль… фа-соль…

Аліна МАЙСКАЯ, фота Кацярыны МАСІК