Среда, 10 августа 2022

Арсеній Бондараў: «Служба ў арміі — мяжа, што аддзяляе дзяцінства і юнацтва ад сталасці»

1 824

Служба ў арміі — гэта тая мяжа, што аддзяляе дзяцінства і юнацтва ад сталасці. Менавіта так разважае наш зямляк Арсеній Бондараў.

Нашы бацькі і дзяды лічылі за гонар прайсці тэрміновую армейскую службу: толькі пасля гэтага можна было лічыць сябе сапраўдным мужчынам. Аднак прыярытэты ў грамадстве пачалі змяняцца, і здараецца, што сучасныя юнакі ўспрымаюць час службы як марна страчаны. Арсеній прызнаецца, што таксама меў такія думкі. І тут жа пераконвае:
— Праз восем месяцаў свае адносіны да службы ў арміі я змяніў кардынальна!

Юнак атрымаў павестку вясной мінулага года, у ваенкамаце выказаў жаданне трапіць у войскі спецыяльнага прызначэння. Але рэалізаваць задуманае аказалася не так проста: хлопцу давялося прайсці сур’ёзнае субяседаванне, падчас якога высвятлялася як фізічная падрыхтоўка прызыўніка, так і яго маральны стан.

Прызнаецца, што цікавіліся нават яго стаўленнем да татуіровак.
У выніку Бондараў поўнасцю задаволіў будучых камандзіраў і праз некаторы час апрануў форму радавога роты ганаровага каравула войскаў спецыяльнага прызначэння Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэта падраздзяленне — вайсковая эліта, трапіць у якую мае шанец, напэўна, адзін з сотні прэтэндэнтаў.

«Грэнадзёрскі» рост, моцнае здароўе, псіхалагічная вытрымка. І гэта патрабаванні толькі на першым узроўні. Потым, як дзеліцца ўражаннямі ад службы Арсеній, пачынаюцца сапраўдныя выпрабаванні: трэніроўкі, баявыя выхады, асвойванне розных відаў узбраення. За час службы пружанец неаднаразова ўдзельнічаў у патрульных дзяжурствах, ахоўваючы правапарадак і спакой грамадзян.

— Цяжка было прывыкнуць да карэннай змены не толькі ўласнага распарадку дня, але нават поглядаў на паўсядзённае жыццё. Аднак зараз проста перакананы, што такую школу варта прайсці кожнаму хлопцу, — кажа Арсеній Бондараў. — За час службы я навучыўся не толькі дысцыпліне. Цяпер адчуваю ўпэўненасць у сваіх здольнасцях, навучыўся трымаць па-мужчынску моцнае слова, у тым ліку і падмацоўваючы яго дзеяннем. І адказваць самастойна за ўсё ўчыненае.

А яшчэ армейскую службу хлопец называе падмуркам сяброўства. У яго «багажы» дзясяткі не проста тых, хто ставіць «падабайку» пад фота, а надзейных таварышаў, з якімі ён мае адзінства інтарэсаў, думак, жыццёвых поглядаў. Тых, з кім не толькі «пойдзе ў разведку», а ўпэўнены, што і вернецца назад без страт.

За час службы Арсеній за ўзорнае выкананне сваіх абавязкаў неаднаразова адзначаўся камандаваннем падраздзялення. За гэта быў прэміраваны кароткім водпускам, падчас якога вырашыў прыехаць на пабыўку ў родны дом. А літаральна перад яго прыездам бацькі — Дзмітрый Уладзіміравіч і Таццяна Вітальеўна — атрымалі ліст падзякі ад камандзіра вайсковай часці 3214 палкоўніка Д.Е.Мікшы, у якім той дзякуе «за добрае выхаванне сына, які самааддана выконвае свой воінскі абавязак перад Радзімай».

Вопытны афіцэр, які мае за плячыма не адзін дзясятак гадоў абароны Айчыны, перакананы, што Арсеній і ў далейшым будзе прытрымлівацца рэальных жыццёвых арыенціраў, стане выдатным грамадзянінам і апорай для сваіх бацькоў.

Са свайго боку, Бондараў плануе пацвердзіць спадзяванні свайго камандавання і пасля дэмабілізацыі мяркуе працягнуць службу ў органах аховы правапарадку.

Алег Сідарэнка