Четверг, 11 августа 2022

Выхаванка Ружанскага ШПЦ Улада Саскевіч: «У дасканаласці няма мяжы»

543

Ружанскі шматпрофільны цэнтр нездарма называюць “кузняй” талентаў. Што ні конкурс, што ні творчы фестываль, сярод пераможцаў заўсёды гучаць імёны выхаванцаў гэтай установы. У тым ліку — і Улады Саскевіч.

Нядаўна дзяўчынка стала лепшай у раённым этапе конкурсу “Усе дзеці таленавітыя”. Стварыла самы прыгожы навагодні сувенір-падарунак – пано “Happy New Year”.

— Заўважу, Уладзіслава выбрала адну з самых складаных тэхнік – стрынг-арт, ніцяную графіку, калі выява ствараецца ніткамі па цвіках, забітых у цвёрдую аснову. І за два тыдні справілася. Улада заўсёды ўпарта ідзе да сваёй мэты, пераадольвае перашкоды неардынарнымі і нечаканымі спосабамі, — кажа кіраўнік гуртка “Арт-хобі” Ружанскага ШПЦ Анжаліка Шапавал.


— Сапраўды, дачка — ўпартая асоба. З маленства чую ад яе: “Сама! Сама!” Вяжа, шые, вышывае, майструе з розных матэрыялаў, самастойна рыхтуецца да ўсіх конкурсаў, што праводзяцца ў школе ці ў ШПЦ, – пацвярджае словы педагога мама дзяўчынкі.

Дадамо, што дзяўчынка яшчэ вучыцца ў 6-м класе музычнай школы, паспяхова асвойвае ігру на домры. Нядаўна нават атрымала дыплом Гран-пры адкрытага расійскага музычнага анлайн-конкурсу.
— Мне проста падабаецца ўдасканальвацца ў розных творчых сферах, — прызнаецца сама Уладзіслава. — А паколькі ў дасканаласці няма мяжы, працаваць мне яшчэ і працаваць.

Алена Зялевіч