Среда, 10 августа 2022

Калонка галоўнага рэдактара: Беларусь не падпалілі, запалаў Казахстан

678

Трывожныя звесткі з Рэспублікі Казахстан прымусілі задумацца, што спробы архітэктараў «каляровых рэвалюцый» расхістаць і падпаліць краіны СНД, працягваюцца.

Чаму звяртаю ўвагу іменна на Казастан? А таму, што гэтая краіна мне не чужая. У свой час за некалькі кіламетраў ад Алматы я праходзіў тэрміновую ваенную службу ў войсках сувязі, якія адносіліся да супрацьпаветранай абароны. Было гэта ў далёкім 1990 годзе. Працягвалася мая служба ўжо ў званні прапаршчыка сувязі.

Тыя гады былі вельмі неспакойныя. Савецкі Саюз адлічваў апошнія дні свайго існавання. Рэспублікі паступова аддзяляліся, спрабавалі жыць самастойна. У Казахстане ўсё больш стаў праяўляцца нацыяналізм, асабліва ў сталіцы.

Тады Алматы (раней яна звалася Алма-ата) была сталіцай Казахстана. Усё часцей на вуліцах можна было чуць вокліч: «Рускія, прэч адсюль, гэта наша зямля!» Маладыя казахі, якія пацягнуліся ў цэнтр з паўднёвых раёнаў, нападалі групамі, больш даставалася вайскоўцам. Было небяспечна, асабліва са славянскай знешнасцю, аднаму выходзіць на вуліцу. Тры гады я пражыў там. Па сямейных абставінах давялося вярнуцца ў Беларусь.

Нашыя брацкія рэспублікі пачалі ісці кожная сваім шляхам. Казахстану было прасцей – гэта вельмі багатая краіна, у нетрах якой схавана амаль уся, як кажуць, табліца Мендзялеева. Калі маладая Рэспубліка Беларусь стала сацыяльна-арыентаванай, то Рэспубліка Казахстан ўзяла накірунак на капіталістычны лад жыцця. У чым была падобнасць дзвюх краін – гэта моцныя лідары: Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў.

Варта было толькі казахскаму Елбасы (у перакладзе азначае «лідар нацыі») пайсці ў адстаўку, як паступова напружанне ў грамадстве стала расці. З’явіўся свой банкір, які абвясціў сябе лідарам апазіцыі. На самой жа справе — былы фінасавы вараціла, асуджаны ў Казахстане на даволі значны тэрмін за крадзеж вялікай сумы грошай з банка, а таксама — забойства канкурэнта.

Параўноваючы падзеі, якія былі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і казахстанскія 2022-га, раблю вывад, што, дзякуючы волі нашага беларускага лідара, вернасці прысязе вайскоўцаў, праваахоўнікаў, нам удалося пазбегнуць сотняў чалавечых ахвяр, спаленых адміністрацыйных будынкаў, абрабаваных магазінаў, поўнай анархіі, як гэта было ў Алматы і іншых гарадах Рэспублікі Казахстан.

Праваахоўнікі і ўлада на месцах не змаглі самастойна процістаяць тэрарыстам, многія з якіх прыбылі з-за мяжы. Была нават спроба захопу бандамі міжнароднага аэрапорта Алматы. Прэзідэнт краіны Касым-Жамарту Такаеў быў вымушаны звярнуцца да лідараў краін АДКБ з просьбай аб тэрміновым прыбыцці міратворцаў для абароны найбольш важных аб’ектаў. Вайскоўцы з Беларусі, Расіі, Кіргізіі, Арменіі і Таджыкістана аператыўна прыбылі ў Казахстан.

Выказваючы спачуванне Прэзідэнту Казахстана Касым-Жамарту Такаеву, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь ужо сутыкалася з падобным выклікам, таму разумее ўсю вастрыню сітуацыі і каласальную адказнасць за лёс краіны, што лягла на плечы яе кіраўніцтва.

Якая краіна постсавецкай прасторы на чарзе арганізатараў пераваротаў, застаецца толькі здагадвацца. Нікому нельга расслабляцца.

Віктар Ільюшчанка