Среда, 10 августа 2022

Абмяркоўваем змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Анатоль Дзенісейка

392

Гутарку пачну пра простае чалавечае шчасце. У чым яно праяўляецца? Заслугоўвае ўвагі меркаванне, што шчасце, як і здароўе: калі не заўважаеш яго, значыць, яно ёсць. Падобнае датычыцца, на мой погляд, і Канстытуцыі Беларусі.

Калі паглядзець праўдзе ў вочы, то грамадзяне ў сваім паўсядзённым жыцці вельмі рэдка згадваюць пра Канстытуцыю сваёй краіны. Яно і зразумела: калі нашы правы і свабоды выконваюцца, навошта лішнія словы? Дзеючая цяпер Канстытуцыя ўсіх задавальняе. Здавалася б, навошта перабудоўваць тое, што і без таго годна служыць людзям?

На жаль, свет які атачае нас, змяняецца на вачах і часам далёка не ў лепшы бок. Каб не растварыцца ў гэтым складаным свеце, не страціць годнасць нацыі, нам патрабуецца замацаваць у Асноўным Законе краіны тыя палажэнні, якія падкрэсліваюць нашы добрыя якасці, менталітэт і дух беларусаў.

Наша Белая Русь распасцерлася, як белы ручнік на крыжы, паміж Захадам і Усходам. На працягу стагоддзяў несла страты і цярпела нягоды ад войскаў захопнікаў. Адна з самых страшных трагедый адбылася ў гады Другой сусветнай вайны пасля нападу фашысцкай Германіі. Тады загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, было ўчынена адно з самых вялікіх злачынстваў супраць чалавецтва – генацыд беларускага народа.

Калі на Захадзе спрабуюць вытруціць памяць пра ахвяр, то для нашага народа, як ніколі раней, паўстала вострае запатрабаванне замацаваць памяць пра трагедыю вайны ў новай рэдакцыі Канстытуцыі.

Прывяду для прыкладу «звычайную» для нашага краю гісторыю. Выхадзец з в. Заніўе Драгічынскага раёна Рыгор Леўлюх, хлапец няпоўных 20 гадоў, прапаў без звестак на фронце. Яго мама Алена Піліпаўна ў ліпені 1944 года пры адступленні нямецкіх войскаў ішла наперадзе варожай калоны і пад руляй аўтамата цягнула за сабой барану, правяраючы дарогу на наяўнасць мін. Лёс абараніў жанчыну, але не пашкадаваў яе зяця Барыса Бацоха, якому выбухам міны адарвала нагу.

У гады вайны пакутавала і Англія. Але падобныя факты ў яе графствах на пальцах адной рукі можна пералічыць. А для беларусаў трагедыя Леўлюхаў паўтаралася амаль у кожнай сям‘і, была звычайнай гісторыяй.

На захадзе асобныя краіны здаліся Гітлеру без адзінага стрэлу. У адрозненне ад беларусаў яны не сталі на абарону сваёй Айчыны. Калі для нас гэта была Вялікая Айчынная вайна, то для іх — проста сусветная. Цяпер у нас жадаюць выкрасці памяць пра трагедыю той вайны. Але гэтага мы не павінны дапусціць і на абарону павінен стаць Асноўны Закон краіны – абноўленая Канстытуцыя.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі замацоўваецца каштоўнасць інстытута сям’і. Калі на Захадзе, як паганкі пасля дажджу, плодзяцца аднаполыя шлюбы, знікаюць з ужытку словы «тата» і «мама», замест іх з’яўляюцца «бацькі №1 і №2», памнажаюцца іншыя брыдоты, мы не можам падобнае зло дапусціць да сябе.

Чаму такое адбываецца на Захадзе? Улады спрабуюць адцягнуць сваіх грамадзян ад праблем вялікай палітыкі – хай іх хвалююць аднаполыя шлюбы, праблемы сексуальных меншасцяў, абы толькі не лезлі ў палітыку.

Пра важнасць інстытута сям’і нам нагадвае Біблія. Усё ведаюць пра дзесяць запаведзяў. Адразу ўзгадваюцца: «Не забі», «Не ўкрадзі». Але не ўсё ведаюць, што больш цяжкім грахом лічыцца грэх нешанавання бацькі і маці. Глыбока ўпэўнены, што наша абноўленая Канстытуцыя, замацоўваючы асновы сям’і і шлюбу, рана ці позна будзе высока ацэнена ў Еўропе і за яе межамі.

Але не гэта галоўнае: Канстытуцыя адлюструе спадзяванні і надзеі беларускага народа і надалей будзе абаронай яго правоў і свабод.

Анатоль Дзенісейка,
пісьменнік-публіцыст, уладальнік медаля Ефрасінні Полацкай