Понедельник, 17 января 2022

Ход Чырвонай Каралевы, або Чарговая казка ад… гарадскога Палаца культуры

613

Абавязковыя атрыбуты Новага года ў кожнага свае. Для адных гэта снежныя сумёты і салата аліўе, для іншых – спаўненне жаданняў, сустрэчы з блізкімі людзьмі і падарункі. Другі год запар работнікі Палаца культуры пашыраюць гэты спіс і дадаюць да яго музычны шоу-спектакль. Напрыканцы 2021-га яны запрасілі ўсіх жадаючых на пастаноўку «Аліса і Чароўнае зелле».

Яркія дэкарацыі, неверагодныя вобразы і нават сучасныя рэаліі ў магічнай прасторы… Культработнікі пастараліся не проста перанесці гледачоў у Краіну цудаў, а зрабіць так, каб пастаноўка запомнілася.

Работа над паўтарагадзінным спектаклем пачалася яшчэ ў кастрычніку. Менавіта тады рэжысёр Алег Строк прыступіў да напісання сцэнарыя. Гэты працэс, па яго словах, не менш магічны, чым дзеянне на сцэне, бо кожны персанаж ствараўся пад канкрэтнага акцёра-культработніка, а ўсіх дзеючых асоб у спектаклі было паўтара дзясяткі.

Рэпетыцыі навагодняга сюрпрыза для пружанцаў стартавалі ў лістападзе. І, мяркуючы па тым, што атрымалася, пераўвасобіцца ў свайго героя ўдалося абсалютна кожнаму, прычым падчас усіх чатырох паказаў. На першым, які сабраў работнікаў прафсаюза АПК і іх дзетак, быў сапраўдны аншлаг. Нямала гледачоў завітала паглядзець і на наступныя спектаклі. А ў іх, як гэта часта бывае ў навагодні час, дабро змагалася са злом.

Справа ў тым, што Чырвоная Каралева, яна ж Аксана Ільюшонак, разам з Валетам, ролю якога бліскуча выканаў сам рэжысёр, вырашылі ўкрасці ў людзей свята.

Каб ажыццявіць задуму, картачны герой адправіўся да трох вядзьмарак – Мойр. Ганна Жук, Карына Шаманава і Кацярына Цяжолава распалілі кацёл і прыгатавалі чароўнае зелле, у выніку чаго ўсё каралеўства замяло снегам, а жыхары аказаліся літаральна замураванымі ў дамах або проста страглі ў сумётах. Да таго ж злыя персанажы задумалі зрабіць лялькамі Дзядулю Мароза і Снягурку (іх ролі выканалі Васіль Курачынскі і Аксана Кавалевіч), такім чынам пазбавіўшы ўсіх падарункаў.

Мабыць, таму галоўная гераіня Аліса, ролю якой даверылі Дзіяне Крэтавай, пад навагодняй ёлкай убачыла не макбук, а кнігу-партал. Чароўная рэч прывяла дзяўчыну і яе сябра, Ката па мянушцы Паласаты (сыграў яго Іван Мелеш), у казачную краіну.

Шлях да выратавання Новага года і аднаўлення веры ў яго цуды быў няпростым. Спачатку памежніца Клаўдзія, яна ж Арына Ро, прыняла Алісу і Ката за бежанцаў. Калі ж пазнала выратавальніцу Краіны цудаў у мінулым, стала ўсяляк дапамагаць.

Аператыўна быў сфармаваны атрад па выратаванні Новага года, куды ўвашлі смяшарыкі Нюша і Крош, а таксама Клетачка і Меліфісента (Таццяна Навінка, Віктар Матчэня, Юлія Пропер і Алёна Жмайлік). Яны вырвалі Алісу з рук каварных Мойр. Апошнія замест адпачынку на курорце адправіліся прыбіраць наступствы ўласнага чараўніцтва – чысціць снег.

Усім разам удалося выратаваць і Дзеда Мароза са Снягуркай, якіх Чырвоная Каралева запрасіла выпіць чаю, але з дапамогай зелля Мойр зачаравала. Сакрэт выратавання аказаўся даволі простым: і дарослым, і дзецям трэба было ўсім сэрцам паверыць у цуд. Сапраўды, як жа часта нам не хапае гэтай самай веры нават у такі прыгожы навагодні перыяд…

Дарэчы, у пастаноўцы «Аліса і Чароўнае зелле» было шмат інтэрактыву: з дзецьмі гуляла Чырвоная Каралева, разам з Клаўдзіяй малыя адгадвалі казачных перасанажаў. Непадробную цікавасць выклікаў тэатр ценяў, мноства радасных эмоцый – карагоды вакол ёлкі разам з Дзедам Марозам і Снягуркай адразу пасля спектакля.
Падчас яго прагляду ўспаміналіся іншыя музычныя пастаноўкі культработнікаў. Вядома, першы навагодні мюзікл «Добрае каралеўства Эльзы», а яшчэ «Лебя-дзінае возера» – спектакль, які пружанцы маглі пабачыць напярэдадні Дня культработніка ў 2020-м.

Казаць пра тое, што падобныя сюрпрызы ад работнікаў Палаца культуры становяцца традыцыйнымі, напэўна, пакуль рана. Але падставы для гэтага ёсць, тым больш, што генерыраванне ідэй – любімая справа культработнікаў. Таму чакаем па-сапраўднаму яркіх і цікавых мерапрыемстваў у новым 2022 годзе. І няхай гэтаму не пашкодзяць ніякія хады Чырвонай Каралевы!

Больш фотаздымкаў тут https://vk.com/album-23306785_282070818

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына Масік (фота)