Четверг, 11 августа 2022

Сюрпрыз для выхаванцаў прытулку падрыхтавалі прадстаўнікі Брэсцкага філіяла ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь»

919

У чароўны навагодні і калядны час з вялікай радасцю гасцей сустракаюць у Пружанскім сацыяльна-педагагічным цэнтры.

Тут, як нідзе ў іншым месцы, разумееш, наколькі важна не зламаць веру дзяцей у дабрыню, людскую шчырасць і неабыякавасць.


Аднымі з першых у прытулак, што ў пасёлку Сонечным, завіталі прадстаўнікі Брэсцкага філіяла ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». Па словах намесніка начальніка філіяла Алены Лынько, штогод кіраўніцтва ўстановы выбірае новы адрас дапамогі. У Пружанскім раёне банкаўскія работнікі ўжо былі некалькі гадоў таму. Тады паабяцалі сабе, што абавязкова прыедуць яшчэ. Абяцанне стрымалі.

Кожны з выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра атрымаў салодкі падарунак, а намесніку дырэктара Ірыне Кастаглодавай быў уручаны сертыфікат на спонсарскую дапамогу ў суме больш за 9000 рублёў. Па яе словах, гэтыя грошы будуць накіраваны на набыццё мяккай мэблі, пыласоса, вытворчай мясарубкі, шафаў і абсталявання для дзіцячых груп, спальных прылад, а таксама на правядзенне будаўнічых работ.

Як адзначыў спецыяліст банка Аляксандр Білецкі, у такіх справах вельмі прыемна ўдзельнічаць. «Кожны раз, калі глядзіш на пакінутых дзетак, адчуваеш вялікі сум. Калі ж бачыш іх радасныя вочы, а часам і слёзы пасля ўручэння падарункаў, то разумееш, што нашы навагоднія акцыі абавязкова будуць працягвацца», — кажа Аляксандр Васільевіч.

Дарэчы, прадстаўнікі банка – далёка не адзіныя, хто наведаў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Тут таксама пабывалі работнікі РАНС, прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «БРСМ», і артысты аўтаклуба, якія зладзілі навагодні ранішнік.

Віталі выхаванцаў і работнікі Следчага камітэта, галоўнага ўпраўлення юстыцыі, саюза дэсантнікаў раёна, Дэпартамента аховы. Завіталі нават тыя, хто адбывае пакаранне ў папраўчай установе ў в.Куплін.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра расказала, што шэраг пружанцаў, якія перадаюць падарункі, пажадалі застацца ананімнымі.
Хіба ж гэта не навагодні цуд?

Уладзіслаў ШПАРЛА

Фота Кацярыны МАСІК