Понедельник, 17 января 2022

На арэне Лядовага палаца прайшоў незвычайны хакейны паядынак

604

Галоўнымі героямі сталі сімвалы 2021 і 2022 гадоў: Бык і Тыгр. Бык прыняў рашэнне не саступаць месца новаму году і задумаў супраць Тыгра інтрыгу, паклікаўшы на дапамогу Бабу Ягу. Абодва героі сабралі хакейныя каманды і пачалі барацьбу… Чароўнае дзеянне, якое адбывалася на лёдзе, заваражыла маленькіх гледачоў і трымала ў напружанні да самага канца.

Хакейны матч быў, аднак, не зусім сумленным. Бык пры дапамозе вядзьмарства змог забіць у вароты Тыгра 20 шайб і тым самым вывеў сваю каманду наперад.

Але справядлівы суддзя, Дзед Мароз, скарыстаўся чароўным кіем і пры падтрымцы тых, хто сядзеў на трыбунах, дапамог Тыгру. Справядлівасць перамагла. Матч завяршыўся з лікам 21:22 на карысць каманды Тыгра, што, згадзіцеся, вельмі сімвалічна.

Маляўнічыя выступленні юных фігурыстак пад навагоднія песні неверагодна ўпрыгожылі лядовае шоу і падтрымалі чароўную атмасферу на лёдзе.

Маленькія гледачы, якія прыехалі са Шчарчова разам са старшым выхавальнікам зімовага школьнага лагера Ірынай Ткачык, былі ў захапленні ад казачнага прадстаўлення.

Праўда, меркаванні аб тым, які герой лепшы, былі рознымі: камусьці спадабаўся Тыгр, камусьці Снягурачка і Сняжынкі, а хтосьці аддаў свае сімпатыі Быку.

Чароўны паядынак адбываецца кожны раз 31 снежня, калі стары год пад звон курантаў саступае месца новаму. І мы загадваем жаданні і спадзяемся, што новы год будзе лепшым для нас ва ўсіх адносінах.

Больш фота глядзіце тут https://vk.com/album-23306785_282070742

Вольга ВАДЗЯНОВІЧ, Кацярына МАСІК (фота)