Среда, 10 августа 2022

Народжаны на Каляды… Пра жыццё, каханне і «Зорку Венеру» вядомага беларускага мастака Мікалая Чурабы

1 294

Вось ужо больш за дзве тысячы гадоў людзі вераць, што ў калядную ноч усё, што ні папросіш, споўніцца. І не таму, што Бог у гэтыя часы пачынае нібыта “лепш” чуць. А таму, што прастора над зямлёй напаўняецца яго крылатымі “паштальёнамі”. Анёлы ляцяць да людзей з апавяшчэннем: нарадзіўся Хрыстос! А вяртаюцца назад з іх просьбамі і падзякамі.

У святочную ноч я буду прасіць пра многае, за многае і падзякую. У тым ліку за радасць сустрэчы з сям’ёй Чураба, якая пакінула ў Пружанах і ў маёй душы глыбокі след…

Таццяна… Танюлька
Гэта не была адзіная сустрэча. Цэлая чарада знаёмстваў, падзей, супадзенняў, якія праз гады ўжо не здаюцца супадзеннямі. Лёс планамерна плёў свае карункі, прыгажосць якіх з асаблівай сілай раскрываецца менавіта на Каляды.

А пачалося ўсё ў лістападзе 2000 года. У Пружанскім палацыку рыхтаваліся да адкрыцця выставы вядомага беларускага мастака, светлага, шчырага чалавека, Мікалая Чурабы. Выстава павінна была стаць пасмяротным “падзячным акордам” майстра дарагой Пружаншчыне, якая падарыла яму каханне ўсяго жыцця, музу, натхніцельку, першага крытыка, дарадцу і анёла-ахоўніка…

Таццяна і Мікалай Чурабы (90-е гг.)

Брэсцкую сустрэчу з жонкай мастака Таццянай Уладзіміраўнай памятаю, як зараз. У яе маленькай, але вельмі ўтульнай кватэрцы на праспекце Машэрава адзін з пакояў быў выдзелены пад сховішча для твораў Мікалая Дзмітрыевіча. Мне, як музейнаму візіцёру, дазволілі ўвайсці ў “святая святых” і адабраць карціны на выставу.

З дзённіка М.Чурабы «Мой шлях у мастацтве»

Гэта была вельмі цяжкая задача: замалёўкі, эскізы, эцюды, паўнавартасныя палотны… — я любавалася і падоўгу “завісала” над кожным тварэннем, а насценны гадзіннік няўмольна хутка адлічваў час.
— Вы, Аленачка, напэўна, умееце маляваць? — спытала тады Таццяна Уладзіміраўна і, гледзячы на маю разгубленасць, дадала:
— Выбралі яго любімыя творы…

Мікалай Чураба. Кан. 90-х гг.

Пазней за круглым сталом, пакрытым габеленавым абрусам, мы пілі духмяную гарбату… Памятаю, як не зводзіла вачэй з апошняга фотапартрэта мастака, на якім ён падаўся мне вельмі падобным на старца Мікалая Гур’янава з вострава Заліт на Пскоўскім возеры. Пра сваю “знаходку” прызналася Таццяне Уладзіміраўне, і тая ўсміхнулася, маўляў, не Вы першая гэта заўважылі. А потым я з зачараваннем слухала гісторыю знаёмства Мікалая і Танюлькі — так усё жыццё называў сваю каханую мастак.

Мілейшая сэрцу Пружана
Пазнаёміліся яны ў лютым 1943 года. На той момант Мікалай Чураба, скончыўшы Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава, працаваў ў Беластоку: настаўнічаў у мастацкім вучылішчы. Там яго і заспела вайна.

З-за перанесеных аперацый на страўніку Чураба быў зняты з воінскага ўліку, але падчас акупацыі ён меў сувязь з беластоцкімі партызанамі і выконваў іх даручэнні.
А яшчэ спяваў у славутым хоры пры Беларускім камітэце, быў адным з лепшых яго тэнараў-салістаў (сам Рыгор Шырма ацаніў яго здольнасці і запрашаў да сябе ў калектыў).

Хор ездзіў з канцэртамі па ўсёй Беласточчыне і аднойчы завітаў у Пружаны, дзе затрымаўся на некалькі дзён, пакуль Германія смуткавала з-за разгрому фашыстаў пад Сталінградам.
Артыстаў рассялілі па кватэрах. І Мікалай патрапіў да сям’і Утгафаў, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай.

Утгаф Уладзімір (у фуражцы) са сваёй сям’ёй

Таццяна была трэцім дзіцем у сям’і Уладзіміра Аляксандравіча, які паходзіў са старажытнага нямецкага дваранскага роду, у свой час служыў у царскай арміі, пасля кастрычніцкай рэвалюцыі асеў у Пружанах і, што цікава, таксама маляваў. Яго карціны ўпрыгожвалі ўсе сцены дома, які, дарэчы, і сёння стаіць па вул. Чырвонаармейскай.

Домік Утгафаў быў прыкмечаны мастакамі-перадзвіжнікамі, якія прыязджалі ў наш горад на пленэр (аўтар карціны — Вольга Біцэнці).

Дазволю маленькае адступленне: домік добра вядомы многім пружанцам, якія калісьці заходзілі сюды, каб атрымаць “галівудскую ўсмешку” ад стаматолага Вячаслава Утгафа, роднага брата той самай “Танюлькі”.

Танюлька. 7 лютага 1943 г.

Таццяне Утгаф на момант першай сустрэчы с мастаком і спеваком Мікалаем Чурабам было толькі 17 гадоў. Яму – 29.
— Я зірнула на яго — і маё сэрца забілася інакш, чым заўсёды. Яно зразумела, што пакахала, — успамінала за кубачкам гарбаты жанчына.

У дзень вянчання на прыступках Прачысценскай царквы ў Пружанах, 19 мая 1943 г.

19 мая 1943 года закаханыя павянчаліся ў Прачысценскай царкве. Адметна, што на вяселлі сярод гасцей прысутнічалі сусветна вядомы спявак Міхаіл Забэйда-Суміцкі, які таксама выступаў у Пружанах, і кампазітар, будучы заслужаны дзеяч  мастацтваў Беларусі Юрый Семяняка.

— Прызнацца, многія ў Пружанах наш шлюб не зразумелі, шапталіся, маўляў, ідзе вайна і канца яе не бачна, а яны святкуюць… Але Мікалай мяне і выратаваў (у той час незамужніх дзяўчат гітлераўцы адпраўлялі ў Германію на прымусовыя работы), і падарыў пяшчотнае каханне, — расказвала Таццяна Уладзіміраўна.

Першы дом маладажонаў у Пружанах.

Маладыя засталіся жыць у Пружанах. Некалькі гадоў Мікалай Дзмітрыевіч працаваў настаўнікам выяўленчага мастацтва і чарчэння ў пружанскіх школах, вёў мастацкую студыю. Афармляў будынкі школ, аздабляў школьныя тэатральныя пастаноўкі, вырабляў транспаранты для святочных шэсцяў.

А яшчэ пісаў і рэстаўраваў харугвы і іконы для храмаў. Дарэчы, адна з іх — маленькі спіс з цудатворнай пружанскай іконы “Незгаральная” – цяпер захоўваецца ў Свята-Аляксандра-Неўскім саборы (ляжыць на аналоі, які стаіць каля арыгінала).

Партрэт маладой жонкі Таццяны з дачушкай Люсяй Мікалай Чураба напісаў у Пружанах у 1945 годзе. Яшчэ не скончылася вайна і жыццё было невыносна цяжкім, але каханне перамагала ўсе нягоды.

Брэсцкі шлях настаўніка
Былыя аднакурснікі звалі Мікалая Дзмітрыевіча ў Маскву, але ён адгукнуўся на запрашэнне працаваць кіраўніком і метадыстам выяўленчай студыі ў абласным Доме народнай творчасці.

У 1946г. сям’я Чураба пераехала ў Брэст. І мастак адразу арганізаваў першую абласную выставу народнай творчасці, за што атрымаў ганаровую грамату Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР. Потым шмат гадоў вучыў малюнку і жывапісу студэнтаў Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер – тэхнiчны ўнiверсiтэт). Намаляваў сотні партрэтаў сваіх выдатнікаў для Дошкі гонару.

— А яшчэ спяваў у царкоўным хоры, святыя спевы былі вялікім суцяшэннем для яго душы з дзяцінства. А на святы, асабліва на Каляды, калі ў кватэры збіралася шмат гасцей, любіў спяваць разам са мною “Зорку Венеру”. І, вядома, кожны дзень маляваў, — распавядала яго жонка.

З дзённіка М.Чурабы «Мой шлях у мастацтве»

За ўсё жыццё Майстар стварыў больш за тысячу карцін. І ўсе яны, што адметна, падпісаны па-беларуску (увогуле, як заўважыла жанчына, яе муж заўсёды размаўляў і пісаў па-беларуску).

Творы мастака захоўваюцца ў сямейных архівах трох яго дзяцей, у прыватных зборах у Беларусі і за мяжой, а таксама ў музеях Масквы, Мінска, Брэста, Кобрына, Пінска і, канечне, дарагіх яго сэрцу Пружан.

Пасля той выставы — у арганізацыі якой мне пашчасціла прымаць удзел і пазнаёміцца яшчэ з сынам Мікалаем і дачкой Люсяй — некалькі твораў Чурабы было перададзена ў фонды “Пружанскага палацыка”. Дарэчы, там жа, у экспазіцыі, захоўваецца і харугва з выявай свяціцеля Мікалая Цудатворца, якую рэстаўраваў Мікалай Чураба.

Каханне да смерці
Шмат часу прайшло пасля нашай першай сустрэчы з жонкай славутага мастака. Многае забылася і, здавалася, канула ў Лету. Аднак два гады таму, у ліпені 2019 года, у нашым горадзе праходзіў чарговы мастацкі пленэр імя Станіслава Жукоўскага. Я не магла абысці яго ўвагай, таму завітала да арганізатараў і папрасіла паказаць новыя творы: гарадскія пейзажы, сельскія відарысы, партрэты, нацюрморты…

Мой погляд спыніўся на букеце палявых кветак. Божа мой! Той жа почырк! Хто аўтар? Дзіўлюся на подпіс у вуглу: “Ніна Чураба”. Цёзка? Ці лёс дае шанц пазнаёміцца з яшчэ адной прадстаўніцай творчай сям’і?

Ніна… Нінулька

Калі пазней убачылі ўдзельнікаў пленэра, я адразу зразумела, хто перада мной: тыя ж тонкія, выразныя рысы твару, бяздонныя вочы…

Ніна Мікалаеўна жыве ў Гродна, скончыла Акадэмію мастацтваў, доўгі час выкладала ў гродзенскім каледжы мастацтваў, выпусціла ў свет цэлае сузор’е таленавітых мастакоў.

Акадэмію скончылі і яе муж мастак Анатоль Скамарошчанка (памёр у 2019 г.), і дачка Марыяна, і сын, вядомы брэсцкі графік Уладзімір Скамарошчанка, з якім я пазнаёмілася, дзякуючы “фэйсбуку”. Малююць і іншыя прадстаўнікі вялікай творчай сям’і.

— Але лепшым “майстрам пендзля” для мяне быў і застаецца тата, — кажа Ніна Чураба. – Усіх нас ён выхаваў уласным прыкладам: тварыў кожны дзень з самай раніцы і да вечара… Ён вельмі любіў жыццё побач з мамай і трымаўся за яго. Вянчальная ікона бацькоў і зараз вісіць у маёй кватэры, як напамін пра тое, што вечнае каханне існуе.

— Мама з татам абвянчаліся 19 мая 1943 года. А потым 55 гадоў, што правялі разам, кожны 19-ы дзень кожнага месяца віншавалі адзін аднаго са святам… Вы ж ведаеце, што ў таты быў несуцяшальны дыягназ? Але дзякуючы маёй матулі, якая ва ўсім яго падтрымлівала, ён пражыў даўжэй, чым прагназавалі ўрачы. Упарта працягваў маляваць. Дня не было, каб ён не трымаў аловак у руцэ.

— Нават у дзень смерці папрасіў: “Прычапіце да сценачкі лісцік і падайце алоўкі — буду Каляды маляваць”. А для нашай сям’і гэта было асаблівае свята. Тата нарадзіўся 6 студзеня, быў названы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца і верыў, што святло каляднай зоркі асвятляе ўвесь яго шлях.

Алена Зялевіч. Фота з архіваў сям’і Чураба і рэдакцыі.