Четверг, 11 августа 2022

Пра цукеркавы дождж і іншыя добрыя традыцыі сям’і Нежавец, дом якіх перад Калядамі наведаў дэпутат Аляксандр Ляўчук

574

Новы год і Каляды заўсёды лічыліся сямейнымі святамі. Гэта час, калі ўсе збіраюцца разам, віншуюць адзін аднаго і жадаюць здзяйснення самых запаветных мар.

Аляксандр і Лірына Нежавец прызнаюцца, што іх мара была вельмі простай – мець вялікую і дружную сям’ю. І яна ажыццявілася. Сёння ў доме сямейнага тыпу па вул. Рыгора Шырмы ў Пружанах разам з бацькамі пражывае 11 дзетак.

У гэты напоўнены цеплынёй і пяшчотай дом дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Ляўчук і яго памочнік, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, прыязджаюць не першы раз. Прызнаюцца, што вельмі прыемна назіраць за тым, як растуць і развіваюцца дзеткі, дарыць ім усмешкі і падарункі.

Кожны з малых чакаў гасцей. У гасцінай нас сустрэлі ажно дзве ёлкі. Ну а якія зімовыя прыгажуні без падарункаў пад імі? Ды і які Новы год без Дзядулі Мароза і Снягуркі? Аляксандр Ляўчук і Таццяна Кашкан паклапаціліся пра тое, каб на невялічкае свята абавязкова завіталі казачныя персанажы. Усе разам перадалі дзеткам падарункі.

Лірына і Аляксандр кажуць, што іх шчасце – менавіта дзіцячыя ўсмешкі. У новы дом яны пераехалі тры гады таму. Стаць прыёмнымі бацькамі вырашылі па прыкладзе мамы і таты Лірыны – Вольгі Міхайлаўны і Юрыя Рыгоравіча Бакуменкаў. Яшчэ адна сумная прычына – страта ўласнага дзіцяці…

Пачыналася ўсё ў 2017 годзе, калі ў сваю сям’ю муж і жонка прынялі трох дзетак. На гэтым думалі спыніцца, але неўзабаве ім прапанавалі стаць бацькамі ў доме сямейнага тыпу. Сюды засяліліся ўжо з васьмю дзецьмі. Праз месяц пасля наваселля Лірына даведалася, што ў пружанскай бальніцы знаходзяцца двайняты Маша і Паша. Хутка яны сталі сястрычкай і брацікам для іншых малых. А калі дом напоўніўся дзесяццю дзіцячымі галасамі, Бог падарыў Аляксандру і Лірыне ўласную дачушку Аляксандру. Зараз бацькі зноў чакаюць прыбаўлення.

— Дзяцей, якія знаходзяцца ў нашым доме, мы не дзелім на сваіх і чужых. Так, сярод іх ёсць прыёмныя і апякунскія, але ўсе яны паступова становяцца роднымі, без іх ужо не ўяўляеш жыцця. Можа, з-за таго, што выхоўваліся ў прытулку, яны адрозніваюцца ад іншых, але да кожнага стараемся знайсці асаблівы падыход. Прыемна, што не забываюцца пра нашу сям’ю прадстаўнікі ўлады, грамадскія арганізацыі, выратавальнікі, — расказалі Лірына і Аляксандр.

Любімым святам усёй сям’і з’яўляюцца Каляды. Яны збяруцца разам за адным сталом, а пасля будуць спяваць калядкі і, вядома, не стануць парушаць сямейную традыцыю – цукеркавы дождж. Яго бацькі робяць для малых штогод, пры гэтым вельмі спадзеючыся, што жыццё гэтых дзетак будзе радасным, бестурботным і, канечне, салодкім!

Уладзіслаў ШПАРЛА, Кацярына МАСІК (фота)