Суббота, 13 августа 2022

Правілы пажарнай бяспекі = Правілы жыцця… У вёсцы Навасёлкі загінулі людзі

2 241

Пачатак 2022 года вызначыўся трагічным здарэннем: другога студзеня ў пажары загінулі адразу трое чалавек. Загінулі людзі ў вёсцы Навасёлкі. Калі прааналізаваць прычыны, што прывялі да трагедыі, то відавочна, што падобнага фіналу можна было б пазбегнуць.

Нездарма адзінокія састарэлыя, шматдзетныя сем’і і грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, у супрацьпажарным уліку выдзяляюцца ў асобную катэгорыю, так званую “групу рызыкі». Першыя могуць забыцца аб правілах карыстання печкай, не паспець зрэагаваць на ўзнікненне надзвычайнай сітуацыі.

У шматдзетных сем’ях невыключана рызыка дзіцячых гульняў з запалкамі, тым больш, што занятым хатнімі клопатамі бацькам не заўсёды ўдаецца трымаць адпаведны кантроль за ўсімі малымі. Але ж з першымі двума катэгорыямі праводзіць прафілактычную работу і нават забяспечваць іх бяспеку шляхам устаноўкі пажарных апавяшчальнікаў.

А вось спадзявацца на адэкватную рэакцыю з боку пітушчых немагчыма. Як паказвае практыка, усе папярэджанні аб небяспецы курэння ў нецвярозым стане ў хаце, карыстання няспраўнымі электрапрыборамі або печкай абсалютна ігнаруюцца. Больш таго, нават аўтаномны пажарны апавяшчальнік не дае гарантый выключэння надзвычайных сітуацый, бо гэты прыбор патрабуе адпаведнага абслугоўвання, што, зразумела, таксама не выконваецца.

Усё вышэйзгаданае поўнасцю характарызуе тройцу загінуўшых. Гаспадар дома быў вядомы сваім аднавяскоўцам асацыяльным ладам жыцця. 52-гадовы мужчына нідзе не працаваў, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, знаходзіўся на ўліку ва ўрача-нарколага, праходзіў прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Відавочна, што падобнае прыцягвае падобнае, так жа характарызуецца і 48-гадовая сужыцелька загінуўшага. Таксама неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за злоўжыванне спіртнымі напоямі, нядаўна праходзіла прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Трэці 53-гадовы жыхар Хараўскога сельсавета вёў падобны лад жыцця, чаму і аказаўся ў адпаведнай кампаніі.

Гэта «гарачая кропка» знаходзілася на пастаянным кантролі ўчастковага інспектара міліцыі, агляднай камісіі сельвыканкама, інспектараў дзяржпажнагляду. Супрацоўнікі ўсіх службаў неаднаразова наведвалі гэты дом, праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы. У апошні раз кантрольнае наведванне адбылося ў снежні мінулага года. Аднак у выпадках адсутнасці рэакцыі ў адказ выключыць трагедыю немагчыма. Што і адбылося ў першыя дні новага года.

Трывожны выклік паступіў у 9 гадзін раніцы. Тэлефанавалі суседзі, якія пачулі, як страляе шыфер і ўбачылі языкі полымя з-пад страхі. Хутчэй за ўсё ўзгаранне ўзнікла ноччу і толькі днём пажар заўважылі. Зразумела, што ў такім выпадку дапамога выратавальнікаў ужо спазнілася. Пакуль расследаванне здарэння яшчэ вядзецца і дакладна назваць прычыну ўзнікнення загарання складана. Устаноўлена, што агонь пачаў распаўсюджвацца з пакоя, дзе былі знойдзены загінуўшыя. Таксама падчас апытання сведкаў высветлілася, што кампанія не тапіла печку, але ўсе ўжывалі спіртное і курылі ў хаце.

Райаддзел па надзвычайных сітуацыях у чарговы раз нагадвае, што правілы супрацьпажарнай бяспекі распрацаваны не «ў кабінетах», яны адлюстроўваюць усе прычыны, якія прыводзяць да вогненных здарэнняў. І грэбаванне жыццёва неабходнымі парадамі можа прывесці да трагічнага фіналу.

Андрэй Пісьман, намеснік начальніка РАНС.