Четверг, 11 августа 2022

Лісковіч аб праекце Канстытуцыі: кожная канструктыўная прапанова будзе ўлічана

53

Пры абмеркаванні праекта Канстытуцыі кожная канструктыўная прапанова грамадзян будзе ўлічана. Такое меркаванне сёння журналістам выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Віктар Лісковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«У краіне пачалося шырокае абмеркаванне праекта Канстытуцыі. За гэты час мы не толькі самі раскажам аб палажэннях праекта Канстытуцыі, але і ўважліва выслухаем людзей. Кожная канструктыўная прапанова будзе ўлічана. Вельмі важна ў любой справе быць нацэленымі на канструктывізм: калі ты ведаеш, як вырашыць пытанне, прапаноўвай, і яно будзе вырашана. Датычыцца гэта і лакальных сітуацый, і такіх глабальных пытанняў, як праект Канстытуцыі», — адзначыў Віктар Лісковіч.

Ён падкрэсліў, што ў аснове праекта Канстытуцыі — захаванне беларускай дзяржаўнасці, гістарычнай памяці. «Сёння мы не можам забыць і страціць тое, дзякуючы чаму з’явілася сучасная беларуская дзяржава. Захаванне гістарычнай памяці, гісторыі, перадача яе з пакалення ў пакаленне — гэта залог нашай будучыні», — звярнуў увагу сенатар.

Таксама, расказаў Віктар Лісковіч, праект Канстытуцыі захоўвае сацыяльную накіраванасць. «Увага да адукацыі, медыцыны, сацыяльнай абароны захоўваецца, але ў той жа час важна, што павышаецца адказнасць самога чалавека за сябе, за сваё здароўе, за сваю сям’ю», — расказаў сенатар. Ён падкрэсліў, што фарміраванне патрыёта, сапраўднага грамадзяніна краіны неабходна пачынаць з ранняга дзяцінства.

https://blr.belta.by/society/view/liskovich-ab-praektse-kanstytutsyi-kozhnaja-kanstruktyunaja-prapanova-budze-ulichana-108984-2022/?fbclid=IwAR38NT3KR6_bqQwZvkGHMK9KffvEnALGtr7Os7QI2TCu3dU8BFhz5euCDOM