Среда, 10 августа 2022

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі аб праекце Канстытуцыі: «Мы атрымліваем каля 300 прапаноў у дзень»

204

Працэс абмеркавання праекта Канстытуцыі не абмежаваны нейкімі часавымі рамкамі і зойме столькі часу, колькі патрэбна, каб апрацаваць прапановы, якія паступаюць ад насельніцтва. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала СТБ дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі, паведамляе БЕЛТА.

Тэкст прапанаваных у Канстытуцыю Беларусі змяненняў размяшчаўся на прававым партале, сайце Прэзідэнта краіны, у рэспубліканскіх і мясцовых СМІ, бібліятэках — і людзі актыўна ўключыліся ў абмеркаванне, паводле слоў Андрэя Мацельскага. І нейкіх тэрмінаў для завяршэння гэтага працэсу не абазначана. «Цяпер мы атрымліваем каля 300 прапаноў грамадзян у дзень. І пакуль будзе такая актыўнасць, пакуль людзі будуць выказвацца даволі масава, мы будзем праводзіць гэту работу і ўсё ўлічваць», — сказаў Андрэй Мацельскі.

«У першы ўжо дзень мы атрымалі каля 200 водгукаў грамадзян, меркаванняў і прапаноў. Людзі зацікаўлены выказаць уласныя прапановы па гэтым дакуменце. У нас было больш за тысячу прапаноў грамадзян, мы праводзім работу па іх сістэматызацыі і абагульненні. Больш за ўсё электронных пісем», — сказаў Андрэй Мацельскі.

Прыкладна 98 працэнтаў водгукаў, паводле яго слоў, накіравана на падтрымку вынесеных на абмеркаванне палажэнняў праекта. Часам людзі выказваюць сваё пэўнае бачанне па тым ці іншым пытанні. «І наша задача — улічыць меркаванне кожнага. Напрыклад, адзін грамадзянін напісаў нам, што не трэба ў Канстытуцыі замацаванне нормы, што ў Беларусі развіваецца атамная энергетыка. Хоць пераважная большасць людзей піша, што гэта выдатна: развіваецца навука, тэхналогіі, вытворчасці, ствараюцца рабочыя месцы. Два чалавекі напісалі: давайце вернемся да парламенцкай рэспублікі. Хоць пераважная большасць якраз каменціруе падрыхтаваны праект Асноўнага закона, што ён забяспечвае моцную Беларусь, сфарміраваныя традыцыі, што ў нас захоўваецца прэзідэнцкая рэспубліка. Але ўсе прапановы мы ўлічваем, і меркаванне кожнага адлюструем у падагульняючым дакуменце», — падкрэсліў Андрэй Мацельскі.

Сярод тэм, якія часта паўтараюцца ў пісьмах, — норма аб Усебеларускім народным сходзе. «Некаторыя прапануюць выключыць гэту новую главу ў праекце Асноўнага закона. Але ў большасці сваёй людзі задаюць пытанні: а наколькі гэтыя палажэнні будуць адпавядаць прынцыпу падзелу ўлад? Ці не атрымаецца, што гэты новы орган будзе дубліраваць дзейнасць парламента? Людзі ўключаюцца ў дыялог і фарміруюць зусім справядлівыя пытанні», — сказаў Андрэй Мацельскі.

Напрыклад, з улікам кампетэнцый, якімі надзяляецца па праекце УНС, людзей хвалюе, якім будзе яго склад і ці дастаткова ён прафесійны для прыняцця такіх важных рашэнняў. Андрэй Мацельскі адзначыў, што ўсе гэтыя дэталі будуць удакладнены ў законе аб УНС, які прапануецца распрацаваць на працягу года пасля прыняцця Канстытуцыі.

Кіраўнік НЦПІ дадаў, што многія паведамленні без канкрэтыкі, а проста выказваюць падтрымку праекту і адзначаюць, што Канстытуцыя адпавядае патрабаванням сённяшняга дня.

Адзначыў ён і канструктыўныя прапановы. «Напрыклад, каля 5 працэнтаў грамадзян прапануюць норму, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, дапоўніць словамі «па нараджэнні». Тут мы разумеем, што сутыкаюцца сістэмы каштоўнасцей: традыцыйныя хрысціянскія і сучаснае гуманістычнае ўспрыманне. Людзі гавораць, калі сёння змена полу — даволі распаўсюджаная аперацыя, павінен жа чалавек жыць паўнацэнным жыццём у нашым грамадстве. Скажу, што пераважная большасць падзяляе тое палажэнне, якое напісана ў праекце», — сказаў Андрэй Мацельскі.

Прапановы таксама паступаюць у адрас дзяржаўных органаў, а ў пачатку наступнага тыдня НЦПІ мае намер наладзіць узаемадзеянне з грамадскімі прыёмнымі ГА «Белая Русь» і іншымі актыўнымі ў гэтай рабоце грамадскімі арганізацыямі. Таму ў бліжэйшыя дні чакаецца нават большая колькасць водгукаў ад грамадзян для аналізу.

https://blr.belta.by/society/view/matselski-ab-praektse-kanstytutsyi-my-atrymlivaem-kalja-300-prapanou-u-dzen-108951-2022/?fbclid=IwAR3wZl14cAAEHmBpQT52fsGf4UoUIakHbTtRIJJZDw_jJIMooYGuR6AFodQ.