Понедельник, 17 января 2022

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка: «Хацелася б канструктыўных прапаноў у праект абноўленай Канстытуцыі»

28

На рэферэндум неабходна выйсці з канчатковым варыянтам тэксту Канстытуцыі, які не выклікаў бы сумненняў у большасці насельніцтва Беларусі. Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала АНТ кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, паведамляе БЕЛТА.

Ігар Сергяенка адзначыў, што водгукі насельніцтва на праект патрэбны і важны.

«Мы гатовы ўспрымаць усё. Але хацелася б, каб былі канструктыўныя прапановы. Можа, на этапе падрыхтоўкі мы нешта не ўбачылі, не ўлічылі — вось на гэтым невялікім адрэзку, які застаўся, хацелася б гэта дапрацаваць. Каб выйсці на рэферэндум з гатовым тэкстам, які не выклікаў бы сумненняў у большасці насельніцтва», — сказаў ён.

Гаворачы аб канкрэтных палажэннях, ён звярнуў увагу, што па праекце УНС становіцца вышэйшым прадстаўнічым органам улады. «Мяркуецца, што да 1,2 тыс. чалавек будуць выбірацца дэлегатамі на пяцігодку. І на працягу пяці гадоў іх статус будзе захоўвацца», — удакладніў Ігар Сергяенка. І адзначыў шырыню паўнамоцтваў УНС, а таксама яго прадстаўнічы склад.

«Гэтакі калектыўны прэзідэнт, які надзяляецца дастаткова шырокімі паўнамоцтвамі», — прывёў ён аналогію.

Падзеі 2020 года, а таксама папярэдніх выбарчых кампаній, паводле слоў Ігара Сергяенкі, падштурхнулі да таго, каб уключыць у праект забарону на замежнае фінансаванне выбарчых кампаній.

А фіксацыя абавязку дзяржавы і грамадзян захоўваць памяць, гістарычную праўду аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, — гэта неабходнасць часу. Паколькі з’яўляецца маладое пакаленне, якое пра падзеі той эпохі даведваецца з розных крыніц, не заўсёды правераных.

https://blr.belta.by/society/view/sergjaenka-hatselasja-b-kanstruktyunyh-prapanou-u-praekt-abnoulenaj-kanstytutsyi-108943-2022/?fbclid=IwAR3SvQCqxgLSK_nona-nfZPYYaIt6FOUyPFltohsirAR0F1iiXKhXP9tnGQ